У пятніцу, 1 снежня, у раённым цэнтры культуры прайшла тэматычная сустрэча «Зрабі правільны выбар», прысвечаная Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам.
На мерапрыемства запрасілі старшакласнікаў СШ № 1 і № 2 г. п. Шуміліна, настаўнікаў. Усім удзельнікам прад-стаўнікі райкама ГА БРСМ прымацавалі на адзенне чырвоныя стужкі – міжнародны сімвал барацьбы са СНІДам.
Вядучыя расказалі пра небяспеку гэтай хваробы, лякарстваў і вакцыны ад якой няма, ёсць толькі падтрымліваючая тэрапія.
«Таму галоўнае – веды і прафілактыка, – адзначыла ў выступленні памочнік урача-гігіеніста РЦГЭ Алена Лазарава. – Існуюць тры шляхі перадачы ВІЧ – праз кроў, ад хворай маці да дзіцяці і палавы шлях. Таму важна захоўваць вернасць свайму сексуальнаму партнёру, не ўжываць наркотыкі, карыстацца толькі асабістымі сродкамі гігіены».
«Сёлета ў раёне зарэгістравана пяць новых выпадкаў захворвання ВІЧ, – гаварыла інструктар-валеолаг райбальніцы Ірына Глазунова. – Варта берагчы сябе, сваё здароўе і памятаць, што жыццё даецца толькі аднойчы».
ВІЧ/СНІД – праблема ўсіх краін, усіх нацыянальнасцей.У зносінах, праз укусы насякомых, падчас работы ад хворых заразіцца нельга. Але ж моладзі трэба быць асцярожнымі і пільнымі ў салонах прыгажосці (калі робіцца манікюр, тату, пірсінг) і сачыць, каб выкарыстоўваўся стэрыльны аднаразовы інструмент.
У гэты ж дзень прафілактычныя мерапрыемствы, прысвечаная Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам, прайшлі ў фае райбальніцы і магазіне «Санта».
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Галоўнае ў прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі – інфармаванне людзей
На чарговым пасяджэнні раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, была заслухана справаздача аб эфектыўнасці работы, якая праводзіцца ў ААТ «Обальскі керамічны завод» у рамках рэалізацыі падпраграмы 5 «Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2021-2025 гады.
Падводзячы вынікі справаздачы, старшыня савета намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава адзначыла, што ў прафілактыцы інфекцыі галоўнае – інфармаванасць людзей аб небяспецы. У гэтай рабоце не
павінна быць фармалізму, а патрабуецца пастаянная і індывідуальная работа
з усімі работнікамі прадпрыемства, асабліва з групы рызыкі.
Так, галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева паведаміла, што
ўсяго з пачатку вядзення ўліку захворвання ў раёне выяўлены 24 чалавекі, з якіх 2 пераехалі ў іншыя рэгіёны, 3 памерлі. Зараз у раёне пражывае 19 ВІЧ-інфіцыраваных, з іх сёлета выяўлена 5 новых фактаў. Усе новавыяўленыя хворыя (дзве жанчыны, трое мужчын) заразіліся палавым шляхам, узрост хворых – 30-49 гадоў, усе вялі асацыяльны лад жыцця, бязладнае палавое жыццё. Гэтыя факты ярка дэманструюць групу рызыкі, сярод якой распаўсюджваецца небяспечная інфекцыя.
Так, сучасны ўзровень медыцыны і лекавых прэпаратаў дазваляе стрымліваць
развіццё інфекцыі ў заражаным арганізме, але хвароба пакуль застаецца невылечнай і прыводзіць да лятальнага зыходу на стадыі СНІДу. Таму лепш пазбегнуць заражэння ВІЧ, чым потым усё жыццё лячыцца. Менавіта маральныя паводзіны і прафілактыка з’яўляюцца найбольш эфектыўным сродкам ад ВІЧ.
Сяргей ПАЎЛАЎ.