Шумилинские охотники застрелили золотистого шакала

Новости Экология

Ездзілі на ваўкоў, а застрэлілі шакала

У лясным масіве паміж Язвінам і Башнямі паляўнічыя застрэлілі рэдкую для нашай вобласці жывёлу – залацістага шакала.

Егер раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Уладзімір Беланошка і яго даўні знаёмы з абласнога цэнтра Аляксандр Круганаў адправіліся на паляванне на ваўка.

– Палявалі ў лясным масіве паміж Язвінам і Башнямі, недалёка ад жывёлагадоўчага комплексу ААТ “АграБаравінка”, – расказаў Уладзімір. – На манок раненага зайца выйшаў звер, здалёк падобны на ваўка, але з кароткімі нагамі. Я шапчу: “Саня, воўк, страляй!”.

Пасля стрэлу Саня паглядзеў на мяне з сумненнем: “Нешта не вельмі падобны на ваўка. Пойдзем глядзець”. Падыходзім, ляжыць звер з пышным рыжавата-шэрым мехам, знешне падобны на сабаку. Морда вузкая, кароткі тоўсты хвост. Мой напарнік нават спачатку ў роспач кінуўся, што сабаку застрэліў. А калі зразумелі, што гэта залацісты шакал, вачам сваім не паверылі. Адкуль такі звер у нашых мясцінах? Калі прыйшлі на базу паляўнічых і рыбаловаў, калегі дзівіліся з рэдкага звера, фатаграфаваліся з ім.

Фота паслалі паляўнічым у абласное таварыства, і тыя пацвердзілі, што гэта залацісты шакал. Спецыялісты вызначылі, што звер быў малады, яму не больш за тры гады, і важыў ён каля дзесяці кілаграмаў.

Адкуль узяўся залацісты шакал на Шуміліншчыне?

Шакалы жывуць ў Азіі, Паўднёвай Еўропе. У сувязі з пацяпленнем клімату іх арэал пашыраецца. Жывёлы сустракаюцца ва Украіне, некалькі шакалаў бачылі на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. Аказваецца, дайшлі яны і да Віцебшчыны. Шакалаў бачылі ў Верхнядзвінскім раёне і на Шаркоўшчыне, цяпер вось і ў Шумілінскім раёне. Гэта быў адзіны шакал у шумілінскіх лясах ці ёсць яшчэ – невядома.

«Шакал – драпежнік, але калі жывёла здаровая, яна ніколі не нападае на чалавека, – зазначыў Уладзімір Беланошка. – Разам з тым шакал, як і ліса, небяспечны для дамашніх птушак».

У гэты дзень Уладзімір і Аляксандр так і не застрэлілі ваўка, затое іх улоў быў незвычайным, што для па-ляўнічага таксама мае значэнне. Застрэліць шакала і янотападобнага сабаку не многім і не часта шчасціць.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *