К 80-летию освобождения Шумилинского района. Бессмертный подвиг «Юных мстителей» из Оболи

Беларусь помніць Культура Общество

ДА 80-ГОДДЗЯ ВЫЗВАЛЕННЯ ШУМІЛІНСКАГА РАЁНА

«Каб памяталі»

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства «Каб памяталі», якое было прысвечана 80-годдзю вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзю з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Ефрасінні Зяньковай.

На мерапрыемства прыйшлі вучні 11»А» класа СШ № 1 разам з настаўнікамі, работнікамі школьнай бібліятэкі. Пра жыццёвы шлях Ефрасінні Зяньковай, якая ў час Вялікай Айчыннай вайны ўзначаліла камсамольска-маладзёжнае падполле «Юныя мсціўцы» ў Обалі, расказаў навуковы супрацоўнік музея Віктар Саковіч.

Фруза Зянькова па жыцці была лідарам. Напэўна, менавіта таму да дзяўчыны прыйшоў камандзір разведчыкаў Барыс Маркіянаў, які на яе просьбу пайсці ў партызанскі атрад сказаў коратка: «Фруза, ты патрэбна тут!». Так яна стала кіраўніком камсамольскай арганізацыі, якая праводзіла дыверсіі на тэрыторыі варожых гарнізонаў.

Паколькі ў арганізацыю ўваходзілі 38 маладых хлопцаў і дзяўчат, яна атрымала назву «Юныя мсціўцы». Яны здзейснілі 21 дыверсію, узарвалі вадакачку, шмат аўтамабіляў, эшалонаў, мастоў, спалілі больш за дзе тысячы тон лёну, які немцы збіраліся вывезці ў Германію, адзначыў Віктар Саковіч. Фруза была вельмі знаходлівай і здагадлівай: напрыклад, праносіла міны ў бітоне з малаком і ўнутры ў хлебе.

Свайго камандзіра юнакі і дзяўчаты паважалі і верылі ёй. Калі большасць юных мсціўцаў схапілі фашысты, Фруза была на заданні, гэта яе і выратавала. Потым яна ваявала ў партызанскім атрадзе імя Варашылава брыгады імя Леніна. Пасля вайны працавала ў райкаме камсамола і райваенкамаце.

Размову па тэме прадоўжыў мясцовы пісьменнік Мікалай Мароз, ветэран працы рэдакцыі. Амаль тры гады ён затраціў на збор матэрыялу і напісанне кнігі «Папялішча–не тлен», якая прысвечана камсамольска-маладзёжнаму падполлю «Юныя мсціўцы». Гэты дакументальна-мастацкі раман даўся пісьменніку нялёгка: прыйшлося па выхадных працаваць у Обальскім музеі, ездзіць у архіў у Мінск, сустракацца са сваякамі падпольшчыкаў. Пра юных мсціўцаў пісалі іншыя пісьменнікі, напрыклад, Алесь Савіцкі, але, як сказаў Мікалай Мароз, “хацелася стварыць нешта сваё, адметнае”. Раман не толькі пра вайну, тут і сяброўства, і каханне, і мастацкі вымысел. Пра жахлівую смерць сясцёр Лузгіных пісьменнік пісаў са слязамі на вачах. Такія ж адчуванні і ў чытачоў. Мікалай Аркадзьевіч прэзентаваў прысутным сваю новую кнігу «Смага» з сакавітай беларускай мовай і адметным стылем.

Прысутныя на мерапрыемстве мелі магчымасць задаць пісьменніку-земляку пытанні і ўзяць у яго аўтограф. Ён пажадаў адзінаццацікласнікам добрай жыццёвай дарогі, любіць беларускую мову і не цурацца яе.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



1 комментарий по теме “К 80-летию освобождения Шумилинского района. Бессмертный подвиг «Юных мстителей» из Оболи

  1. Добры дзень, сябры! Хацелася колькі слоў сказаць адразу пасля публікацыі, але прыспелі клопаты, і вырашыў адпрэчыць слова ў адказ. Па-першае, дзякуй аўтару Л. Зайцавай за нататку. Па-другое, сказаў на сустрэчы далёка не ўсё, што хацелася. А хацелася нагадаць, каб паглядзелі яшчэ раз тэлевідэафільм пра Обальскае падполле, які выйшаў у чэрвені 2014 года і ў якім прымаў удзел Ваш пакорны слуга. А яшчэ –адаслаў літаратурны сцэнарый па кнізе «Папялішча –не тлен» у Нацыянальную кампанію «Беларусфільм» з тым, каб разгледзелі яго і прынялі рашэнне аб рэалізацыі калі не поўнамятражнага фільма, то хаця б такога, каб былі прыстойна паказаны многія актывісты «Юных мсціўцаў». І прасіў, калі прыйдзем да згоды, каб фільм быў абавязкова на беларускай мове.
    Хацелася шмат яшчэ пра што распавесці, але не стаў займаць час вучняў. Яны былі пасля заняткаў, і стамляць праз меры не варта было.
    А ўвогуле дзякуй усім, хто наладзіў сустрэчу. Асабліва супрацоўнікам музея, а таксама В.І.Сарокінай, В.А.Баганавай –за іх актыўную жыццёвую пазіцыю.
    З павагай Мікалай Мароз, в.Баёўка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *