В Шумилино прошло заседание президиума районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Будзе сістэма ў рабоце — будзе і парадак
Наскокам сур’ёзную праблему не рашыць. Асабліва калі яна такога “калібру”, як парадак на зямлі. Парадак не толькі на гародзе, у доме, парадак у душы. Каб увайшло чалавеку ў звычку рабіць прыгожым свой родны край. А звычка  не народзіцца на пустым месцы. Мінуў час чалавека  ўгаворваць (гэта магло быць па першым часе, гады два назад), сёння трэба па-сапраўднаму спаганяць за нядбайства. Хопіць міндальнічаць, пара часам і ўладу прымяніць. Менавіта на такую танальнасць выйшла гаворка на пасяджэнні, на якім разглядалася работа кіраўніцтва Дабейскага сельсавета па добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла пасяджэнне прэзідыума, засяродзіла ўвагу на такім аспекце азначанай работы, як перавод прысядзібных участкаў для пасеву зерневых у севазварот сельгаспрадпрыемстваў. Гэтая работа не можа задаволіць. Калі ў мінулым годзе было вынесена за межы вёскі 185 га, то сёлета — усяго 129,7 га. Марудна ідзе знос пустуючага і струхлелага жылля на вёсцы. Трэба зносіць пахілыя ці паламаныя агароджы, больш актыўна рамантаваць студні ў вёсках. Пакрыўджаны  дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі (хаця б завезлі  па машыне пяску), мала высаджваецца дрэўцаў, кветак, далёка не заўсёды захоўваецца парадак бліз азёр, рэчак,  у лясах…
Старшыня Дабейскага сельсавета І. І. Шалахава адзначыла, што пытанне добраўпарадкавання вёсак у яе пад пільным кантролем. Важна прывучыць людзей сачыць за сваім садам і парканам, абкошваць, даглядаць свой участак зямлі. У вёсцы Дабеі  высадзім так званую жывую агароджу,  і калі прыжывецца ў вяскоўцаў ідэя, яна знойдзе свой працяг у іншых вёсках. Абсталяваны чатыры месцы адпачынку, назіраецца сістэма работы па добраўпарадкаванні грамадзянскіх могілак. Ірына Іванаўна наладзіла самы цесны кантакт з падшэфнымі арганізацыямі Шуміліна і Віцебска. Прывезлі з Віцебска фарбу, зараз справа за драбязой — наладзіць фарбаванне агароджы сіламі мясцовага насельніцтва, арганізацый. Пажадана больш строга спаганяць за беспарадкі з райспажыўтаварыства (магазін в. Дабея, вёска Бараноўскія), трэба хутка, калі хочаце, па гарачых слядах прыводзіць у парадак у Прыазёрным дом, які згарэў…
Асаблівы клопат кіраўніка мясцовай улады  —  тыя сядзібы, дзе за парадкам не надта сочаць. Возьмем тых гаспадароў (прыблізна 60 сядзіб на сельсавет), каму пастаянна трэба нагадваць пра абкос і агароджу, пра струхлелы штыкетнік і  гнілую веранду, пра фарбаванне хаты і парадак у садзе. З сельсавета паступаюць нядбайнікам прадпісанні, ідуць угаворы. А воз, як кажуць, і зараз там. На жаль, няма тут настойлівай і карпатлівай работы.  І не толькі ў названым сельсавеце. Праўда, у Каўлякоўскім знайшлі дзейсную форму работы: вывешваюць здымкі запушчаных сядзіб, крытыкуюць, прапясочваюць гора-гаспадароў. Дзейнічае. Можна прыдумаць яшчэ нешта з гэтай “абоймы”, каб на “гаспадара” маглі паглядзець і суседзі, і сваякі, і проста знаёмыя.
Гучала крытыка па зрыву графіка вывазу смецця камунальнікамі ад вяскоўцаў. Начальнік мясцовага ўчастка УП ЖКГ Т. В. Сянькова прызналася, што здараліся збоі пры вывазе смецця ў Ляжнях. Прычына — то не хапае тэхнікі, то вадзіцель на вучобе. Такія апраўданні не прымаюцца. Усе мы ведаем: не вывезеш смецце ў пару, яно акажацца ў лесе, на полі, у хмызняках — усюды, толькі не на палігоне бытавых адыходаў.
На пасяджэнні, акрамя гэтага, галоўны спецыяліст кіраўніцтва спраў райвыканкама Н. А. Канцэвіч вяла гаворку пра справаводства,  наогул пра ўніклівае афармленне дзелавой дакументацыі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №43 ад 01.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *