Работа юрыста – работа ў камандзе
Рыхтаваць дагаворы, юрыдычныя заключэнні, прадстаўляць інтарэсы арганізацыі ў судзе, займацца аналітычнай работай, даваць кансультацыі па прававых пытаннях – усё гэта работа Валянціны Новікавай. Яна працуе юрысконсультам райбальніцы.
Валянціна ў школе не вельмі верыла ў свае сілы. Але, як паказала жыццё, і сіл, і напорыстасці, і ўседлівасці было дастаткова. Дзяўчына ведала, што правазнаўства будуецца на асноўных прынцыпах справядлівасці. Магчыма, гэта і стала галоўным крытэрыем выбару прафесіі.
Пасля заканчэння каледжа шукала сабе работу на радзіме (сама родам з Шуміліна). Уладкавалася юрыстам у саўгас «Лаўжанскі». Ішла туды на год, а затрымалася на восем, але не шкадуе – там было добрае прафесійнае станаўленне. Малады юрыст завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў ВДУ.
Гадоў пяць адпрацавала ў Шумілінскай натарыяльнай канторы, і вось ужо чацвёрты год рупіцца ў райбальніцы. Аб’ём работы вялікі і разнастайны. Трэба разбірацца ў спецыфіцы сістэмы аховы здароўя, у грамадзянскім праве, у працоўным і нават крымінальным заканадаўстве. Многа часу адводзіць на дагаворную работу: бальніца аказвае паслугі многім арганізацыям раёна на перадрэйсавы агляд вадзіцеляў, здае памяшканні ў арэнду. Усё гэта трэба правільна дакументальна аформіць. Многія людзі (у тым ліку і замежныя грамадзяне) заключаюць дагаворы на аказанне медыцынскіх паслуг, асабліва стаматалагічных. Зноў жа, усе дакументы афармляе юрыст. А нядаўна заключалі дагаворы з арганізацыямі раёна на вакцынацыю калектываў супраць групу.«Работа юрыста – гэта работа ў каман
дзе, – кажа Валянціна Новікава. – Цесна ўзаемадзейнічаю з галоўным урачом, эканамістамі, бухгалтарамі, іншымі службамі. Правяраю правілы ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўны дагавор, карэкцірую і ўношу прапановы. Праз мае рукі праходзяць усе загады, дакументы на прадаўжэнне ліцэнзій. Па рабоце часта прыходзіцца бываць у натарыяльнай канторы і нават у судзе. Напрыклад, калі нядаўна да нас паступіў мужчына, якога пабіў знаёмы, дзеянні ліхадзея былі прызнаны супрацьпраўнымі, яму прызначана поўнасцю аплаціць лячэнне пацярпелага».
Нягледзячы на ўсе складанасці, Валянціна Новікава любіць сваю работу (усё ж у прафесіі 16 гадоў). За нестандартнасць, за шырокі спектр пытанняў, за шматграннасць. Яна не трымае ўсе лічбы і законы ў галаве, але ведае, дзе іх знайсці. І расце прафесійна: пераймае вопыт калег, шмат чытае, заглядвае ў электронную базу «Эталон». Кіраўніцтва райбальніцы ганарыцца прафесіяналізмам свайго юрыста.
Ларыса ЗАЙЦАВА.