Памяць сэрцу кажа
«Зарастаюць год ад году, знікаюць на роднай зямлі беларускай раны мінулай вайны. Але чыстыя крыніцы памяці пра тых, хто загінуў за вызваленне Радзімы, не павінны знікнуць.”
А. Пігулеўская. З кнігі “За Радзіму ў адказе”.
Алена Нікадзімаўна Пігулеўская. Здаецца, няма ў раёне чалавека, які не ведае гэту жанчыну. Яна часты госць у школах раёна. Доўга і пранікнённа можа расказваць пра сваё партызанскае мінулае…
Нарадзілася на Гомельшчыне. Калі дзяўчынцы было 6 год, сям’я пераехала на БАМ, у Камсамольск-на-Амуры. Менавіта там і даведалася дзяўчына аб пачатку вайны. Закончыла школу і курсы медсясцёр, працавала ў шпіталі, збіралася паступаць у інстытут, у Томск.
“Хацелася быць у роднай Беларусі, – успамінае Алена Нікадзімаўна, – таму прапанавалі стаць слухачом спецшколы Беларускага штаба партызанскага руху, згадзілася. Ведала, што хутка буду на радзіме…”.
Пасля заканчэння курсаў маладога падрыўніка Алену ў складзе групы перапраўляюць за лінію фронту, на Піншчыну. Група дайшла да чыгункі Полацк-Віцебск, але праблемы са здароўем вымусілі яе застацца ў вёсцы Грабянцы Шумілінскага раёна. Так А. М. Пігулеўская засталася на Шуміліншчыне. Неўзабаве аказалася ў партызанскім атрадзе “Грозны”, дзе дыверсійна-падрыўной групай кіраваў Васіль Чыкаў. З 1942 па 1944 гады была ў складзе брыгады імя С. Кароткіна. Праўда, расказваць пра сваё партызанскае мінулае Алена Нікадзімаўна не стала, маўляў, тыя, каго яно цікавіць, могуць прачытаць яе аўтабіяграфічную кнігу “За Радзіму ў адказе”.
Пасля вызвалення Беларусі А. Н. Пігулеўская закончыла журналісцкія курсы, настаўнічала ў Докшыцкім раёне, працавала літаратурным работнікам у газеце “Піянер Беларусі”. Затым пераехала ў Расію, дзе закончыла педагагічны інстытут.
Дзе бы ні працавала Алена Нікадзімаўна, ніколі не забывала пра сваё партызанскае мінулае, заўсёды адстойвала інтарэсы былых партызан. Так, толькі дзякуючы ёй убачыў свет зборнік вершаў франтавікоў “Памяць сэрцу кажа”, прысвечаны 30-годдзю Перамогі. На той час А. М. Пігулеўская працавала ў Паўднёва-Уральскім кніжным выдавецтве і яна настояла на выхадзе гэтай кнігі. З 1973 года яна член Саюза журналістаў СССР.
У 80-я гады А. Н. Пігулеўская вярнулася ў Беларусь. Найперш хацела даведацца пра лёс сваіх баявых сяброў. “Непрыемна ўразіла тое, што групу Чыкава ніхто не ведае, – дзеліцца былая партызанка. – Менавіта тады зразумела, што павінна данесці праўду пра партызан”.
Тры гады Алена Нікадзімаўна правяла ў архіве, па крупінках збірала матэрыял. У 1988 годзе рукапіс “Падрыўнікі” (першая аўтарская назва “За Радзіму ў адказе”) быў гатовы да друку, выхад кнігі планаваўся ў 1990. Праўда, выйшла ў свет кніга толькі праз пятнаццаць гадоў. А ў 2007 годзе выйшла другое выданне кнігі.
Учора Алена Нікадзімаўна адсвяткавала свой 85-гадовы юбілей. Шмат гучала ёй цёплых слоў і пажаданняў, асабліва каштоўны для юбіляркі былі віншаванні ад былых партызан. Калектыў рэдакцыі “Герой працы” далучаецца да шчырых слоў юбіляру.
Автор Александр ШЕДЬКО.
Опубликовано в №64 от 20.08.2010