Строители из ПМК-70 готовят новогодний подарок Шумилинской СШ №2 – новый корпус со спортзалом и столовой

Новости Образование Общество Экономика

«Прыемна, калі робіш для дзяцей»

Карэспандэнт раённай газеты ў суправаджэнні галоўнага інжынера Шумілінскай ПМК‑70 Рамана Карасёва пабываў на будаўніцтве новага корпуса Шумілінскай СШ № 2 і азнаёміўся з ходам работ.

«Новы корпус пачалі ўзводзіць вясной, – расказвае Раман Васільевіч. – Хочацца пабудаваць як мага хутчэй і якасней, летам тут адначасова працавала больш за сто работнікаў. Зараз наводзім, як кажуць, апошнія штрыхі». Галоўны інжынер запрасіў на другі паверх, у спартыўную залу, дзе рабочыя падфарбоўвалі падлогу.

– Раённая газета зноў да нас у госці завітала, – зазначыла маляр Святлана Бачкова. – Паглядзіце, які новы корпус Шумілінскай СШ № 2 пабудавалі. Зараз з брыгадзірам Мікалаем Карпушкам пакажам, што атрымалася.

Спартыўная зала ўражвае – вялікая, з высокай столлю, амаль уся пафарбаваная. Насупраць – школьны кабінет. На першым паверсе – шыкоўная сталовая, якая практычна набыла канчатковыя рысы, тут размешчаны і школьныя памяшканні.

Падчас экскурсіі даведаліся, што Святлана Бачкова працуе ў ПМК‑70 маляром амаль дваццаць год. «Раней працавала ў будаўнічай брыгадзе аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, – расказала яна. – Работа то была, то не. Хацелася стабільнасці і нармальных заробкаў. Таму і пайшла сюды працаваць, і ні разу не пашкадавала. Ёсць магчымасць добра зарабіць». За два дзясяткі год праз рукі Святланы Бачковай прайшло шмат будаўнічых аб’ектаў, але для сябе самымі важнымі лічыць тры: будаўніцтва прыбудовы да Слабадской школы, капрамонт Шумілінскай СШ № 1 і ўзвядзенне новага корпуса СШ № 2.  «Дужа прыемна, калі робіш для дзяцей», прызналася будаўнік.

«Гэта, канешне, прыемна, але ж і вельмі адказна, хібаў тут не можа быць», – уключыўся ў гутарку Мікалай Карпушка, які ў ПМК‑70 працуе 15 гадоў. Пасля двух год работы рвануў за «доўгім рублём» у Маскву. «Месяц за заробках, тыдзень дома. Дзеці растуць без бацькі, – узгадвае мужчына. – Пасля чарговага прыезду сустрэў знаёмага з ПМК‑70. Высветлілася, што заробак у яго практычна такі ж, як у мяне. Але ён дома, з сям’ёй. Пайшоў і я прасіцца да кіраўніцтва, каб узялі назад. Вось ужо 13 год тут працую».

Дарэчы, у Мікалая Карпушкі ў СШ № 2 вучацца трое дзяцей. Даведаўшыся пра гэта, прапанаваў яму сфатаграфавацца ў новым корпусе навучальнай установы з дзецьмі. Але мужчына быў катэгарычны: «Не, новае памяшканне яшчэ не гатова да дзіцячых наведванняў. Вось закончым усе работы – тады абавязкова зробім здымак на памяць».

Аляксандр ШЭДЗЬКО



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *