Хачу стаць ратавальнікам
Кім я хачу стаць? Якую прафесію выбраць? – гэтае жыццёва важнае пытанне задаюць сабе зараз многія старшакласнікі. «Калі ёсць патрэба быць карыснымі і дапамагаць людзям, пры гэтым вы маральна і фізічна дужыя, не баіцеся цяжкасцей – вам варта разгледзець прафесію ратавальніка, прэстыжную, вельмі важную і запатрабаваную, – звяртаецца да шумілінскіх хлопцаў і дзяўчат намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Красоўскі.
– Атрымаць прафесію ратавальніка запрашае Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у Мінску, – расказаў Дзмітрый Красоўскі. – Установа рыхтуе па спецыяльнасцях “папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” (толькі юнакоў) з прысваеннем кваліфікацыі «інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый» і «пажарная і прамысловая бяспека» (юнакоў і дзяўчат) з прысваеннем кваліфікацыі «інжынер па пажарнай і прамысловай бяспецы». Выпускнікі выходзяць з установы са спецыяльнымі званнямі «лейтэнант унутранай службы».
Тэрмін навучання – 4 гады. Для паступлення неабходны сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы, фізіцы, рускай (беларускай) мове. Да паступлення ўсе кандыдаты ў абавязковым парадку праходзяць прафадбор (ён уключае правядзенне спецыяльных праверак, вывучэнне маральных і дзелавых якасцяў, медзасведчанне ваенна-ўрачэбнай камісіяй, вызначэнне ўзроўню фізпадрыхтаванасці).
Курсанты забяспечваюцца бясплатным пражываннем, харчаваннем, форменным абмундзіраваннем, дзяржстрахаваннем і медабслугоўваннем, а таксама добрай стыпендыяй (ад 450 руб.). Размяркоўваюцца выпускнікі пераважна па месцы жыхарства ці ў бліжэйшае падраздзяленне.
Атрымаць прафесію ратавальніка можна і ў Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы. Установа запрашае на вучобу юнакоў з 17 год для падрыхтоўкі па спецыяльнасці «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый». Тэрмін навучання – 2 года 7 месяцаў.
Дзмітрый Красоўскі дадаў, што таксама ў інтарэсах МНС праходзі-ь абучэнне спецыялістаў у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусьпа інжынерных спецыяльнасцях: «эксплуатацыя паветранага транспарту, тэхнічная эксплуатацыя пілатуемых лятальных апаратаў і іх сілавых установак, тэхнічная эксплуатацыя электрасістэм і пілатажна-навігацыйных комплексаў лятальных апаратаў», «тэхнічная эксплуатацыя пілатуемых лятальных апаратаў і іх сілавых установак», «тэхнічная эксплуатацыя электрасістэм і пілатажна-навігацыйных комплексаў лятальных апаратаў», «авіяцыйныя радыёэлектронныя сістэмы (бартавыя)», «эксплуатацыя паветранага транспарту, кіраванне паветраным рухам (армейская авіяцыя). Выпускнікі Ваеннай акадэміі пасля яе заканчэння праходзяць службу ў авіяцыі МНС, штат якой размяшчаецца ў Мінску і абласных цэнтрах краіны.
Для фарміравання вучэбнай справы на паступленне трэба звяртацца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях (г. п. Шуміліна, вул. Луначарскага, 44а, тэл. 5-72-92).
Алена КАРПУШЭНКА.