В Шумилино прошло заседание совета общественного пункта охраны правопорядка

Актуалии Закон Общество

Найперш — прафілактыка правапарушэнняў
Савет грамадскага пункта аховы парадку праводзіць свае пасяджэнні штомесяц. Галоўная мэта работы пункта – прафілактыка рэцыдыўных правапарушэнняў, праца з кожным парушальнікам асобна. Асаблівая ўвага –  моладзі, бо ў іх яшчэ ўсё наперадзе, і трэба засцерагчы маладых людзей ад супрацьпраўных паводзінаў.
У маі на пасяджэнне савета было вынесена пытанне аб рабоце маладзёжнага атрада аховы парадку, які працуе пад эгідай райкама ГА БРСМ (першы сакратар А. Пахамовіч). Хутка летнія канікулы, сотні дзяцей выйдуць са школ на вуліцу, дзе днямі будуць прадастаўлены самі сабе, таму актуальнай была інфармацыя  аддзела адукацыі райвыканкама (начальнік Спірыдонаў П. У.) аб мерах па занятасці дзяцей і падлеткаў у летні перыяд.
Для прафілактычнай размовы на пасяджэнне былі выкліканы рознага роду парушальнікі грамадскага парадку.
Часта пасля гутаркі з парушальнікамі застаецца ўражанне, што свае паводзіны людзі ўспрымаюць як нармальныя, не разумеюць, у чым іх абвінавачваюць. Напрыклад, маладая дзяўчына, якая працуе на адным з шумілінскіх прадпрыемстваў, у вольны час паспрабавала прайсці на тэрыторыю прадпрыемства да працуючай сяброўкі, а калі вартаўнік не прапусціў, абразіла яго, паспрабавала прарвацца гвалтам. Яна не разумее, за што яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Такія варыянты, як патэлефанаваць сяброўцы ці папрасіць выклікаць яе на прахадную, нават не прыходзілі ёй у галаву.
Ці яшчэ прыклад. Грамадзянін параніўся падчас работы дома. Медык з “хуткай дапамогі” патэлефанаваў ў міліцыю (характар пашкоджання – колатая рана). Але грамадзяніну гэта не спадабалася і ён устроіў дэбош спачатку дома, потым ў прыёмным пакоі. Тлумачэнне ў яго простае: “у мяне характар такі”.
Шмат сямейных скандалістаў, калі муж, а часцей і муж, і жонка, прыходзяць дамоў “пад мухай” і пачынаюць ўсіх “строіць”, часам з кулакамі, з матам. І тады правы той, хто першы выклікаў міліцыю.
Яшчэ адна катэгорыя, бадай, самая шматлікая – тыя, хто ў п’яным выглядзе любяць пакрасавацца на публіцы, прагуляцца па грамадскіх месцах. Вынік заўжды адзін — трапляюць у міліцыю, начуюць за кратамі, атрымліваюць штраф ці “суткі”. Добра, калі чалавек асэнсоўвае свае паводзіны і імкнецца не трапляць больш у такое становішча, калі яму сорамна пры “разборцы” ў грамадскім пункце.
Ёсць і “штатныя” наведвальнікі, напрыклад, хто пабываў ужо ў ЛПП (і не аднойчы), але звычак і паводзінаў сваіх не мяняе, вядзе асацыяльны лад жыцця. Напэўна, такіх ужо, як кажуць, толькі магіла выправіць. Але ж грамадства, дзяржаўныя органы павінны кантраляваць іх, выхоўваць, марнаваць час, каб стрымліваць іх ад п’янкі, каб не дапусціць да злачынства.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *