Шумилинский район в XIX веке. Землевладения и землевладельцы

Край шумілінскі

Помещичий дом в Оболи

Шумілінскі раён у XIX cтагоддзі. Землеўладанне
На Шуміліншчыне  буйнейшым магнатам быў граф М. І. Храптовіч, які толькі ў нашым раёне ў маёнтках Караліна, Боськава і Горкі меў 8594 дзесяціны зямлі. Яму належалі вя-лізныя ўладанні і ў сучасным Бешанковіцкім раёне, уключаючы мястэчка Бешанковічы, у іншых раёнах Беларусі.
Буйныя маёнткі мелі В. І. Рэут (Тэклінавіль і Мікалаёва) – 3120 дзес., Т. А. Рэут (Ловаж-1) – 2070 дзес., Л. Л. Гласко (Міхалова) – 2654 дзес.,  князь П. Баграціён (Ловаж) – 1937 дзес., К. А. Гласко (Станіславова) – 1777 дзес., С. С. Грабніцкі (Обаль) – 1380 дзес.,  (усе Полацкі павет),  браты Канстанцін і Мікалай Разенбаўмы (Роўнае) – 6341 дзес. (Гарадоцкі павет), нашчадкі Алаізіі Хлюдзінскай (маёнткі Лескавічы і Плігаўкі) мелі плошчу 1859 дзес. (Віцебскі павет).
Маёнткі Рэутаў – Андрэева (3291 дзес.) і Ловаж (622 дзес.), Галіёфа – Казьяны (1490 дзес),  былі секвесціраваны (арыштаваны), а маёнтак Станіславова (565 дзес.) памешчыка Друговіна – канфіскаваны за ўдзел у паўстанні 1863 года.
З ліку буйных памешчыкаў можна назваць Віктара і Міхаліну Косавых (Жаробычы) – 692 дзес., Гілярыя і Фаусціна Перотаў (Амбросавічы) – 732 дзес., К. М. Бесарабскага (Заобаль) – 564 дзес, Гільдэбрантова (Каравайніцы) – 620 дзес., І. Я. Пестава (Міралюбава) – 597 дзес. Баранеса Л. Розен валодала маёнткам Мікалаёва (ля Мішневіч) у 545 дзес., а барон Ф. Ф. Розен – маёнткам Мосарж (сучасная вёска Мосарава) у 451 дзес. Нашчадкам А. Чуніхіна дастаўся  маёнтак Міткавічы (Крывое Сяло) – 719 дзес. Да буйных можна аднесці маёнткі Л. П. Вадзяніцкай (Язвіна – 446 дзес.), І. Васілеўскага і К. Мількевіч (Полькавічы – 455 і 523 дзес. адпаведна), нашчадкаў Я. Баршчэўскага (Полцева – 432 дзес.) і іншыя.
Шмат было і дробных землеўласнікаў (аднадворцаў) – у в. Ляжні жылі В. П. Хмялеўская (66 дзес.), Ц. П. Фадзееў (51), К. Т. Карэлін (25), К. А. Карэлін (25); у Дабеі – К. П. Фадзееў (70) і С. П. Фадзееў (93), І. П. Гусакоў (19), К. І. Гусакоў (50); у в. Мошна (цяпер в. Прыазёрная) – А. Альшэўская (10), Ф. Д. Мажэйка (8). Пазней гэтую катэгорыю перавялі ў мяшчанскае саслоўе.
Аб даходах, якія прыносілі маёнткі сваім гаспадарам, можна меркаваць па лічбах, прыведзеных па секвестыраваных гаспадарках: маёнтак Андрэева даваў даход 450 руб. і дадаткова 1592 руб. сялянскіх аброкаў і выкупных плацяжоў у год, Станіславова – 405 і 208 руб., Казьяны – 590 і 300 руб. адпаведна.
Пасля рэформы 1861 года працэс фарміравання буржуазнага землекарыстання пайшоў больш актыўна. Мяшчане, купцы, сяляне пачалі набываць зямлю ва ўласнасць. У “Спісе населеных месцаў Віцебскай губерні” створаным А. Сапуновым у 1906 годзе, зафіксавана змена ўласнікаў многіх памешчыцкіх  маёнткаў, фальваркаў і засценкаў, нават буйных. Так, у Лескаівцкай воласці маёнткам Непароты (296 дзесяцін) валодалі мяшчане К. Савельеў і В.  Аўсянкін, маёнтак Біневшчына (280 дзес.) набыў селянін Я. Кубля. У Казьянскай воласці маёнтак Глушыца (478 дзес.) быў ва ўласнасці мешчаніна П. Шыліна, у Мішневіцкай мешчанін І. Заблоцкі валодаў маёнткам Шыпуліна (285 дзес). У Міхайлаўшчынскай воласці селянін М. Драгун набыў маёнтак Вішнева (314 дзес.). Ф. Прыгожы валодаў фальваркам Клімава (522 дзес.), Карпушэнка – маёнткам  Полькавічы (455 дзес.), Балбатуноў – маёнткам Янавіль (400 дзес.),  Федзяёвы – засценкам Дабея (235 дзес.) – усе мяшчане.
З’явілася новая форма землеўладання – таварыства, калі зямля набывалася групай сялян: засценак Рыпіншчына (180 дзес.) запісаны за Рыпіншчынскім таварыствам 18 хатніх гаспадарак,  фальварак Мікіціна (цяпер Мікіціха) (173 дзес.) за Мікіцінскім сялянскім таварыствам – усяго на тэрыторыі раёна больш за два дзесяткі такіх уладанняў. Але памешчыцкае землеўладанне захавала сваё панаванне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
(Працяг будзе).
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *