Самое время сделать прививки от гриппа и ковида

Здоровье Общество

За адзін візіт – дзве прышчэпкі

У раёне актыўна ідзе вакцынацыя ад грыпу і каранавірусу. Медыкі сцвярджаюць, што зараз самы час зрабіць прышчэпкі, каб да пачатку масавых захворванняў паспеў выпрацавацца імунітэт.

«Прышчэпкі супраць грыпу ў раёне праводзяцца даволі актыўна, кожны тэрапеўт і фельчар вядуць сярод насельніцтва прафілактычную работу, расказваюць пра карысць і эфектыўнасць працэдуры, – кажа загадчыца паліклінікі ЦРБ Людміла Васілевіч. – Прышчэплена 2508 чалавек. Вясковым жыхарам можна звярнуцца ў свае ФАПы ці амбулаторыі, шумілінцам – у прышчэпачны кабінет райбальніцы. Разам з тым сяльчанам не адмовяць зрабіць прышчэпку і ў раённай паліклініцы. У сярэднім супраць грыпу за дзень вакцынуюцца каля сарака чалавек. У неабходнай колькасці ёсць інактываваная вакцына».

Ад каранавірусу, як і ад грыпу, зараз робіцца сезонная прышчэпка (адзін раз у год). У райбальніцы маюцца ў наяўнасці тры віды прышчэпак: “верацэл” (кітайская), “гам-ковід-вак” і “спадарожнік Лайт” (расійскія). І калі пасля рэвакцынацыі прайшло ўжо паўгода – час зрабіць сезонную прышчэпку, сцвярджаюць медыкі. У сярэднім за дзень вакцынуюцца ад ковіда да пяці жыхароў раёна.

У першую чаргу медработнікі пераканаўча рэкамендуюць рабіць сезонныя прышчэпкі супраць грыпу і каранавірусу дзецям і дарослым, якія маюць хранічныя захворванні. Перад ін’екцыяй іх агледзіць доктар на прадмет інфекцыйных захворванняў. Імунітэт фарміруецца па-рознаму ў залежнасці ад асаблівасцей арганізму, але ў сярэднім пасля аднаго-двух тыдняў пасля прышчэпкі.

! Важна ведаць. Ад каранавірусу і грыпу дазволена вакцынавацца адначасова. Так бы мовіць, за адзін візіт у медустанову рабіць адразу дзве прышчэпкі. Як сцвярджаюць медыкі, ад гэтага эфектыўнасць вакцын не стане горшай, бо яны добра ўжываюцца адна з другой. Пры гэтым ін’екцыі робяцца ў розныя плечы.

– Як і грып, каранавірус стаў сезоннай хваробай, – зазначае Людміла Васілевіч. – Абедзве хваробы даюць ускладненне ў выглядзе запалення лёгкіх, актывуюць хранічныя захворванні.

А нашы людзі часта звяртаюцца ў медыцынскую ўстанову вельмі позна. На жаль, на запозненных стадыях ніякія самыя лепшыя лекі не ратуюць чалавека. Таму раім жыхарам раёна своечасова рабіць прышчэпкі супраць грыпу і каранавірусу.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *