Адплаціў дзеду за дабрыню
У Аляксея (імёны зменены па этычных меркаваннях) было не шмат дарослых людзей, якім ён давяраў і з якімі цесна кантактаваў. Да 85-гадовага знаёмага Мікалая Мікалаевіча, які дапамагаў яму з дзяцінства, ставіўся з асаблівай павагай, прыслухоўваўся да яго парад. І пенсіянеру было ў радасць пасядзець-паразмаўляць з маладым чалавекам і павучыць жыццю.
Неяк Аляксей вырашыў ездзіць на заробкі, пераважна па Беларусі. У першы раз Мікалай Мікалаевіч дапамог яму сабраць неабходныя рэчы. Прыязджаючы з заробкаў, хлопец найперш накіроўваўся да дарослага сябра. Так было да гэтага лета…
«Аляксей зноў прыехаў з заробкаў, – расказвае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Кацярына Каяновіч. – Аляксей водпуск адзначыў са спіртным у кампаніі з аднагодкамі. Знаёмыя яму сказалі, што Мікалай Мікалаевіч добра выпіў і не можа дайсці дадому. Хлопец дапамог яму. Праўда, неўзабаве ў кампаніі закончылася спіртное, а грошай не было. І Аляксей вырашыў пайсці да дзядулі. Той спаў, і тады хлопец дастаў з дзядулевага кашалька банкаўскую картку і «прывязаў» яе да свайго М-банкінгу. Пасля пераводу на свой рахунак 100 рублёў пераканаўся ў тым, што на мабільны Мікалая Мікалаевіча не прыходзяць СМС-апавяшчэнні».
Аляксей зноў з’ехаў з мястэчка. Паўтара месяца ён набываў па чужой картачцы ўсё, што хацеў, пазычаў знаёмым грошы. Аднойчы Мікалай Мікалаевіч пайшоў у краму за хлебам. А ў магазіне яму паведамілі, што на банкаўскай картцы няма грошай. Тады мужчына звярнуўся ў праваахоўныя органы.
Падчас следства высветлілася, што Аляксей з чужой карткі зняў 1500 рублёў. Свой учынак хлопец растлумачыць не можа. Крымінальная справа ў ад-носінах да Аляксея аддадзена пракурору для накіравання ў суд.
– Аляксей чакае судовае пасяджэнне, – кажа Кацярына Каяновіч. – Суд вырашыць далейшы лёс маладога чалавека. Згодна з заканадаўствам яму свеціць пазбаўленне волі тэрмінам да 5 год».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.