На першым плане – зябліва
Асноўныя сельгасработы на палетках завершаны, зараз на першым плане – уздым зябліва.
Як арганізавана гэта работа, мы мелі на мэце высветліць падчас прыезду ў ААТ «АграБаравінка». «Работы ў самым разгары, раёнам даведзена заданне ўзняць зябліва на 950 гектарах, справіліся амаль з паловай, – расказаў дырэктар гаспадаркі Яўген Мурашка. – Ворыва восенню апраўдана, бо гэта павышае культуру земляробства, змяншае нагрузку на тэхніку падчас вясенніх работ, стрымлівае рост пустазелля. Вясной ёсць магчымасць якасна правесці перадпасяўную апрацоўку глебы».
У сельгаспрадпрыемстве эфектыўна выкарыстоўваюць кожны пагодны дзень. Хаця і зачасцілі дажджы, але ж яны для вышэйшых палеткаў не перашкода, лічаць механізатары. На ўздыме зябліва ва ўрочышчы Аэрадром учора працавалі Сяргей Трошын, Віктар Смолікаў, Аляксандр Юркавец (на здымку). За дзень кожны з іх у сілах узараць да дваццаці гектараў. Механізатары расказалі, што ўздымаць зябліва будуць, пакуль зямлю не скуюць маразы. У перадавіках гаспадаркі – Сяргей Трошын, на рахунку якога ўжо 214 гектараў ворыва.
Ларыса ЗАЙЦАВА.