Династия Шатило: два поколения на страже правопорядка

Закон Общество Семья

«Гляджу на сыноў – і адчуваю сябе шчаслівым»

Сёння, 10 лістапада, у нашай краіне адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь. Гэта свята асабліва важнае для дынастыі Шацілаў, бо яго адзначаюць у гэтай сям’і адразу трое яе прадстаўнікоў. Сярод працоўных дынастый раённага аддзела ўнутраных спраў сям’я Шацілаў самая шматлікая. «Заснавальнікам» з’яўляецца Аляксандр Шаціла, пасля ў РАУС прыйшоў ягоны брат Анатоль. Праз пэўны час «падаспела» малодшае пакаленне – Ігар і Андрэй, сыны Аляксандра. Хто ведае, магчыма, іх дзеці пойдуць па слядах дзядуляў і бацькоў. Ва ўсялякім разе, старэйшаму пакаленню вельмі хацелася б.
– Добры дзень, Аляксандр Іванавіч, – вітаецца ля раённага аддзела ўнутраных спраў пажылы мужчына.
– Добры. Рады бачыць, цябе, Лёша, у добрым здароўі і настроі.
Так з ветэранам РАУС (былым старшым інспектарам аховы грамадскага парадку) Аляксандрам Шацілам вітаецца былы рэцыдывіст, а сёння законапаслухмяны жыхар раёна. І такіх нямала, хто сёння ўдзячны Аляксандру Шацілу за разуменне, уменне ў патрэбны момант праявіць строгасць, падбадзёрыць, усяліць надзею. Напэўна, такім і павінен быць міліцыянер.

Аляксандр прыйшоў працаваць у РАУС пасля вучобы ў Мінскай спецыяльнай школе міліцыі. Быў старшым інспектарам аховы грамадскага парадку, старшым інспектарам групы крымінальнага вышуку, пасля працаваў дзяжурным дзяжурнай часці РАУС. За чвэрць стагоддзя работы ў міліцыі вырасціў сабе дастойную змену. Малодшы брат Анатоль з лёгкай рукі старэйшага брата ўладкаваўся ў РАУС і адпрацаваў там больш за дваццаць гадоў.

«Раней лягчэй было ў міліцыі, – лічыць Аляксандр Шаціла. – Злачынствы лягчэй было раскрываць. Помню, магазін “Вецярок” абрабавалі тройчы на год. І ва ўсіх выпадках былі ўстаноўлены асобы злодзеяў. Зараз не пазайздросціш міліцыянерам, бо да стандартных бытавых крадзяжоў дадаліся яшчэ і кіберзлачынствы, якія вельмі цяжка раскрываць». Да сучасных міліцыянераў Аляксандр Іванавіч некалькі гадоў таму адносіў старэйшага сына Ігара, які працаваў намеснікам начальніка РАУС, а цяпер пайшоў у адстаўку.

У міліцыі начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі служыць малодшы сын Андрэй. У яго полі зроку – 182 жыхары раёна, якія былі раней судзімыя або маюць непагашаную судзімасць, 55 адбываюць пакаранне па прыгаворы суда ў выглядзе папраўчых работ. Усіх трэба пракантраляваць і прасачыць, каб своечасова з’явіліся на рэгістрацыю ў міліцыю.

«Жыццё непрадказальнае, і за гэта я яго люблю, – кажа Аляксандр Шаціла. – Я ніколі не думаў, што сыны пойдуць па маіх слядах. Згадваю, як хлопцы ў дзяцінстве прымяралі фуражкі, як захоплена слухалі міліцэйскія гісторыі. Гляджу зараз на іх, і адчуваю сябе шчаслівым».

А. І. Шаціла зараз жыве ў бацькоўскай хаце ў Цаўях, чытае кнігі пра вайну і працягвае супрацоўнічаць з міліцыянерамі. Нават самыя маладыя з іх ведаюць, што “ў Цаўях жыве Іванавіч”, які ў любы час гатовы дапамагчы слушнай парадай. Ды і практычна таксама. Зімой, напрыклад, калі ў лесе за Цаўямі пачалася незаконная страляніна звяроў, а снег быў такі, што на аўтамабілі не праехаць, Аляксандр Іванавіч запрог каня, пасадзіў міліцыянераў – і ў дарогу.

«Галоўнае, каб прафесія не выклікала негатыўных эмоцый, – дае наказ Аляксандр Шаціла маладым міліцыянерам. – А яшчэ важна для міліцыянера ўмець чуць і слухаць, быць добрым псіхолагам і не рубіць з пляча».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *