В Шумилинском районе началась отправка молодого пополнения в Вооружённые Силы Республики Беларусь

Главное Молодёжь Общество

Нашы хлопцы ідуць у спецназ

У аўторак, 24 кастрычніка, пачалася адпраўка маладога папаўнення ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.
Першым з шумілінцаў адправіўся ў армію Уладзіслаў Шляхтаў, які будзе праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў спецназе ў Мар’інай Горцы.

Праводзілі будучага спецназаўца бацькі Дзмітрый і Аксана, старшыня раённай арганізацыі «Дэсантнае Шумілінскае братэрства» Аляксандр Коржаль і начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін.

Пакуль афармлялі апошнія дакументы, мама, стрымліваючы слёзы, але з лёгкай усмешкай, адзначыла:

– Гэта поўнасцю выбар сына. Ён хацеў ісці ў армію. Думаў нават па кантракце. Але потым на сямейнай нарадзе вырашылі, што хай адслужыць адзін год тэрміновай вайсковай службы (Уладзіслаў закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, – аўт.), а далей будзе вырашаць: застанецца ў арміі на кантракце ці будзе працаваць па спецыяльнасці лесаінжынерам. А ў цэлым мы вельмі рады за сына, гэта наш гонар!

Па дарозе на абласны зборны пункт Уладзіслаў расказаў, што ў старэйшых класах хацеў паступаць у Ваенную Акадэмію, але не выйшла. Армія яму заўсёды была даспадобы, там ён бачыў сябе. Нават універсітэт думаў кінуць, каб зноў паспрабаваць паступіць у Ваенную акадэмію. Аднак на той момант рашыў, што толькі тэрміновая ваенная служба вызначыць жыццёвыя прыярытэты. Калі прыйшла павестка, ён паспеў тры месяцы адпрацаваць майстрам у Віцебсклеспрамгасе. Калі служыць у арміі, то служыць у эліце, сказаў ён і сам папрасіўся ў спецназ. «Разумею, што лёгка не будзе, але гэта мой выбар», – прызнаўся хлопец.

У абласным зборным пункце па-вайсковаму строга і дакладна: праверка асабістых рэчаў прызыўніка, ваенны інструктаж, яшчэ адзін медыцынскі агляд. Пасля гэтага сустрэча з прадстаўнікамі часці, якія адвозяць маладое папаўненне на месца службы.

Да Уладзіслава Шляхтава падышоў ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Савіч:

– Вайсковая часць 89417 5-й асобнай брыгады спецыяльнага назначэння – гэта сапраўдная эліта. Нячаста шумілінскія і бешанковіцкія хлопцы трапляюць служыць сюды. А калі трапляюць, то гэта лепшыя з лепшых як па фізічнай падрыхтоўцы, так і маральных якасцях. Служба ў Мар’інай Горцы адначасова складаная і цікавая. Ёсць упэўненасць, што пасля тэрміновай вайсковай службы застанешся на кантракце. Удачы!

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *