Важна глядзець у адным накірунку
Усё пачынаецца з сям’і. І пяшчота, і разуменне, і ўвага, і клопат. Тут дзеці вучацца быць працавітымі і самастойнымі, вырашаць бытавыя праблемы.
Вучацца будаваць свае сем’і. У гэтым перакананы Надзея Пятроўна і Фёдар Паўлавіч Гутаравы з Шуміліна, якія ў кастрычніку справілі паркалёвае вяселле. 56 год сумеснага жыцця – гэтаму можна толькі пазайздросціць. Асабліва, калі адносіны ў сям’і і праз столькі год моцныя і цёплыя.
Надзея і Фёдар Гутаравы пазнаёміліся на першамайскай маёўцы на Магілёўшчыне (адтуль абодва родам), праз тры месяцы ажаніліся. Спяшаўся з вяселлем Фёдар, бо “было даволі ахвотнікаў звязаць жыццё з прыгажуняй”. У канцы 80-х гадоў у сувязі з Чарнобыльскай трагедыяй сям’я пераехала
ў Шуміліна. Надзея ўладкавалася ў калгас імя Леніна намеснікам галоўнага бухгалтара, Фёдар – механікам у ПМК-25, дзе і адпрацавалі ўсё жыццё.
Гутаравы выхавалі траіх дзяцей, якімі вельмі ганарацца. Дачка Алена – мастачка, сын Павел – ваенны лётчык, а Пётр – вадзіцель. Ёсць пяцёра ўнукаў, якія вельмі любяць сваіх бабулю і дзядулю. Менавіта падтрымка родных надае сілы змагацца, не замыкацца ў сабе, крочыць наперад. А яна вунь як патрэбна, бо Надзея Пятроўна і Фёдар Паўлавіч маюць інваліднасць. Яна –
па апорна-рухальнай сістэме, ён – па зроку. І яны падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць, падбадзёрваюць. На тое і ёсць сям’я, каб разам спраўляцца з нягодамі.
«Я летуценніца па жыцці, а вось муж мае цвярозы розум, гэтым і дапаўняем адзін аднаго, – кажа Надзея Пятроўна. – У сям’і вельмі важна паважаць адзін аднаго і глядзець у адным накірунку».
Гутаравы кажуць, што па жыцці ім шанцуе на добрых людзей. Падтрымліваюць суседзі, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выдзеліла апекуна Алену Залескую, якая даглядае іх як родных. А яны да яе адносяцца як да дачкі. Удзячны і работнікам ТЦСАН за
маральную падтрымку і выдзеленыя сродкі рэабілітацыі. А яшчэ за віншаванні – з нагоды вяселля і Тыдня бацькоўскай любові са шчырымі словамі і падарункамі да Гутаравых завіталі загадчыкі аддзяленняў цэнтра Ларыса Забаўская і Юлія Сініцкая.
Ларыса ЗАЙЦАВА.