У памяць Зінаіды Партновай
Обальская СШ з 1964 года носіць імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай. У верасні гэтага года імя обальскай гераічнай падпольшчыцы прысвоена сярэдняй школе № 219 г. Мінска. Адміністрацыі навучальных устаноў вырашылі ўстанавіць паміж школамі цеснае супрацоўніцтва.
17 кастрычніка Обальская СШ вітала гасцей з Мінска. «Да нас прыехалі амаль 50 чалавек, – расказаў дырэктар школы Аляксандр Сачыўка. – Вучні-актывісты, члены ваенна-патрыятычнага класа, педагогі, адміністрацыя школы на чале з дырэктарам А. М. Куніцкай». Абальчане і мінчане ўсклалі вянок да стэлы ў гонар обальскіх падпольшчыкаў, пазнаёміліся са школай, наведалі «Беларускую хатку» і экспазіцыю ў школьным музеі, прысвечаную Зінаідзе Партновай.
Госці з Мінска пабывалі ля дома, дзе жыла Зінаіда Партнова, пасля чаго для іх была арганізавана экскурсія ў Музей обальскага камсамольскага падполля.
«Падчас візіту мінскіх гасцей дамовіліся, што супрацоўніцтва нашых школ будзе больш цесным, – падсумоўвае Аляксандр Сачыўка. – Нас аб’ядноўвае імя Зінаіды Партновай, чый подзвіг будзе жыць вечна. Дамовіліся, што да канца года мы прыедзем да мінчан у госці. Запланавалі правядзенне патры-ятычных мерапрыемстваў».
Алесь САКАЛОЎ.