Неделя родительской любви. Чужих детей не бывает

Семья

Чужых дзяцей не бывае

Важна, калі кожнае дзіця мае дом. Ва ўсіх сэнсах: і фізічна – як месца, дзе яно адчувае сябе ў бяспецы, будзе сытым і апранутым, і псіхалагічна – дзе яго падтрымліваюць, любяць, дапамагаюць засвоіць найважнейшыя жыццёвыя навыкі. І прыёмныя сем’і дапамагаюць дзецям, якія засталіся без апекі родных людзей, адчуць упэўненасць у сваім сённяшнім дні і ў будучыні.

Галіна Уладзіміраўна Еўдакімава з вёскі Грудзінава ўсё жыццё працавала ў мясцовай гаспадарцы даяркай, загадчыкам фермы, разам з мужам выхавала дзвюх дачок, радавалася ўнукам. Амаль дзесяць год таму вырашыла стаць прыёмнай маці.

– Дочкі выраслі, у іх свае сем’і. А калі не стала мужа, мне было вельмі цяжка жыць адной. І вось тады я задумалася пра тое, каб узяць дзяцей з прытулка. На Обальшчыне ўжо былі прыёмныя сем’і, я ведала, што гэта магчыма. У 2014 годзе звярнулася ў адпаведныя органы, толькі прасіла, каб далі дзяўчынак, бо я не ведаю, як выхоўваць хлопцаў, – расказала яна. – Так у мяне з’явілася Аліна, якой было 6 гадоў. Пайшла ў школу, дапамагала ёй вучыцца чытаць і пісаць. А праз год мне прапанавалі ўзяць шасцігадовую Алёну. Яшчэ праз год узяла Сашу, якой было 10 гадоў.

Галіна Уладзіміраўна з гордасцю дзеліцца поспехамі сваіх унукаў і прыёмных дачок. З радасцю расказвае, што дзяўчаты добрыя, старанныя, у вольны час дапамагаюць па дому, усёй сям’ёй рыхтуюць сена, раней для каровы, зараз для коз.

– У мяне шасцёра ўнукаў і ўнучак. Яны часта бываюць у мяне, і дзяўчаты пасябравалі з імі, бо і ў школу разам хадзілі, і канікулы разам праводзілі. Усе сямейныя святы адзначаем разам, – кажа прыёмная маці. – Сёлета засталіся ўдваіх з Алёнай. Саша скончыла школу і паступіла ў Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. М. Машэрава. Аліна пасля дзявятага класа паступіла ў каледж лёгкай прамысловасці, прыязджае толькі на выхадныя. Вельмі хочацца, каб у іх усё было добра ў жыцці.

«Зараз вось думаю папрасіць для Алёны сяброўку, каб ёй не было сумна», – падзялілася планамі на будучыню прыёмная мама.

Кажуць, што чужых дзяцей не бывае. Кожны можа пашкадаваць, усцешыць чужое дзіця, асабліва калі яно засталося без бацькоў ці знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Але не кожны зможа ўзяць на сябе пастаянную штомінутную адказнасць за яго, як гэта робіць Галіна Уладзіміраўна Еўдакімава.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *