Как прошёл День физкультурника в Шумилино

Общество Спорт, туризм

З калектывам і сям’ёй – на стадыён
19 мая – свята не толькі прафесійных спартсменаў і фізкультурнікаў, а і ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку. Гэта яшчэ раз пацвердзілі тыя, хто ў мінулую суботу сабраліся на гарадскім стадыёне.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемстваў, прысвечаных Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў адзначыў, што ў Беларусі вялікая ўвага надаецца развіццю спорту. Анатоль Мікалаевіч высока ацаніў і поспехі шумілінскіх спартсменаў.
Па традыцыі адкрывалі фэст малышы з дзіцячых садоў. За перамогу змагаліся каманды дзіцячых садоў № 1, №3, №4 і Светласельскага дзіцячага сада. Спаборніцтвы маленькіх спартсменаў сабралі багатую глядацкую аўдыторыю — бацькі, родныя, знаёмыя гучна падтрымлівалі малых. Ды і дзеці сваім настроем і імпэтам падарылі непаўторную атмасферу спаборніцтваў. Першы спартыўны конкурс спартландыі – эстафета. Яна прынесла першыя перамогі і першыя няўдачы, а разам з імі і шквал эмоцый удзельнікаў. Кожны этап выдаўся захапляльным. Па выніках усіх конкурсаў перамаглі спартсмены з дзіцячага сада №4, якія крыху апярэдзілі каманду Светласельскага сада. На трэцім месцы – дзіцячы сад №1. Усе юныя ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі салодкія падарункі.
Паспрачацца за званне самай спартыўнай сям’і вырашылі Буевы, Іваноўскія і Голубевы. Маці, бацька і малы разам на дыстанцыі, разам пераадольваюць складанасці і разам імкнуцца да перамогі. Лепш з гэтым справіліся Голубевы, асабліва радаваўся перамозе маленькі Уладзік.
Пасля дзяцей і сем’яў на арэну выйшлі дарослыя спартсмены. Не кожны будзе ўдзельнічаць у гіравым  спорце, тут патрэбны навыкі, пастаянныя трэніроўкі. У сваіх вагавых катэгорыях перамогу атрымалі Уладзімір Бандарэнка і Аляксандр Пруднікаў.
Зацягнуліся спаборніцтвы па пляжным валейболе. Тут хапіла прыгожых камбінацый, прыёмаў, блокаў і падач. Званне пераможцаў прымералі на сябе пары Аляксандр Купрыянаў – Сяргей Завадскі і Наталля Галай – Святлана Юшчанка.
Мнагабор’е “Здароўе” добра вядома аматарам актыўнага адпачынку.  Як адзначаюць самі ўдзельнікі, выпадковых перамог тут не бывае. Лепшы вынік паказала Наталля Абалонская з раённай бальніцы.
Завяршыўся спартыўны фэст таварыскай гульнёй паміж камандамі ФК “Шуміліна” і ФК “Сянно”.  Першы тайм падарыў прыхільнікам гульні нумар адзін шмат хваляванняў, а галоўнае – станоўчых эмоцый. “Узяты” нашым галкіперам пенальці, тры галы шумілінскіх футбалістаў, прапушчаны гол. Але другі тайм ФК “Шуміліна” не ўдаўся. Як вынік – госці не толькі зраўнялі лік, а і забілі пераможны гол.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №41 ад 25.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *