7 октября — осенняя ярмарка пройдёт в Оболи. Как прошла ярмарка в Шумилино в последний день сентября

Новости

Нарасхват ішлі зерне, рыба і юшка

Музыкай, спевамі, водарам пірагоў і яблыкаў вабіў да сябе восеньскі кірмаш на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Каб азнаёміцца з асартыментам, паглядзець, што пачым, на кірмаш у мінулую суботу адправілася і карэспандэнт раёнкі.

Спяшаўся на кірмаш народ — купіць, пагутарыць, паглядзець, прыцаніцца. У райцэнтр прыехалі з паўсотню прадпрыемстваў, арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, вясковых гаспадароў. Усім хацелася прадаць сваю прадукцыю. З самай ран-цы на “ўра“ разыходзілася зерне, якое прадавалі ААТ «Ляжні, «Прыазёрны мір» і КУСГП «Ульскі». Некаторыя пакупнікі прыйшлі задоўга да адкрыцця кірмашу, каб быць першымі. Мяшок пшаніцы каштаваў 28-30 рублёў, аўсу — 18-20 рублёў. Зерне везлі на мотаблоках, легкавушках, веласіпедах, транспартныя паслугі прапаноўваў райбыткамбінат. «За гадзіну прадалі тры тоны зерня!», —расказалі работнікі «Ульскага». Другім па папулярнасці таварам, напэўна, была свежая рыба. 120 кг карпаў і карасёў размялі за дзве гадзіны, падзялілася работніца Полацкага рынку  Віцебска.

Прыгожая восеньская кампазіцыя, зробленая работнікамі ўстаноў адукацыі раёна, прыцягвала да сябе ўвагу пакупнікоў. Школы і дзіцячыя сады раёна прадавалі розную гародніну і садавіну, выпечку. Асабліва разыходзіліся марынаваная капуста і шарлоткі. Работнікі СШ № 1 наварылі юшкі, за ёй, а таксама за піражкамі і булачкамі, выстраілася чарга.

Гэтае самае можна сказаць пра індывідуальных прадпрымальнікаў з Лепеля і Міншчыны, якія гандлявалі саджанцамі. Саджанцы яблынь каштавалі 15 рублёў, чарэшань — 20.

Бульба, на якую быў хапун у мінулым годзе, сёлета не карысталася вялікім попытам. Прадпрыемствы і некаторыя прадпрымальнікі прасілі 55 капеек за кілаграм, вясковыя гаспадары — па 5 рублёў за вядро. Здаецца, ніводны з іх не прадаў свой тавар увесь. Гэта тычыцца і капусты, адзін кілаграм якой каштаваў 1,2 рубля. Чарга выстраілася толькі да гаспадара з Брэста, які “пусціў” капусту па 80 капеек, а яблыкі прадаваў па 2 рублі за кілаграм.

Пакрыху бралі і іншую гародніну: моркву і сталовыя буракі па 75 капеек за кілаграм, памідоры і перцы па 2,5 рубля, цыбулю па 1,2 рубля, баклажаны па 3,90 руб. Самы танны мёд (па 7 рублёў за паўлітровы слоік) быў у гаспадыні з Крывога Сяла — гандаль ішоў бойка. Многія пакупнікі з роздумам паглядалі на журавіны, на якія сёлета неўраджай – за пяцілітровае вядзерца прасілі 40 рублёў. Для аматараў смачненькай экзотыкі быў вінаград і бананы ў шакаладзе, яблыкі ў карамелі, якія прывезлі з Віцебска, прыгожыя пернікі ручной работы (іх прадавалі гаспадары з Віцебскага раёна).

Можна было купіць адзенне, гаспадарчыя тавары, вырабы з дрэва, сувенірную прадукцыю. Гной па 140 рублёў за прычэп прадаваў «Шумілінскі райаграсэрвіс» (прадалі тры прычэпы, атрымалі яшчэ заказы), дровы прапаноўвалі купіць лясгас, ААТ «Легна» і УП ЖКГ.

Аздаблялі кірмаш выставы народнай творчасці цэнтра дзяцей і моладзі і Дома рамёстваў, канцэрт артыстаў раённага цэнтра культуры.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *