Школа – не проста работа, а цэлае жыццё
Разумець, зацікавіць і падтрымаць вучня – такую задачу ставіць перад сабой у рабоце Ала Анатольеўна НАВУМЕНКА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2 імя А. І. Дубасарскага г. п. Шуміліна, прозвішча якой занесена на раённую Дошку гонару.
У1987 годзе выпускніца Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А. А. Куляшова прыйшла ў Шумілінскую СШ №2 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры і з таго часу ніколі не мяняла ні месца работы, ні пасаду.
У мінулым навучальным годзе яе вучаніца Вікторыя Іванова стала пераможцай абласнога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Настаўніца ганарыцца і тым, што Вікторыя вырашыла стаць педагогам, абраўшы для паступлення Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка і спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура, замежная мова».
Раскрываючы сакрэты поспехаў, Ала Анатольеўна кажа:
– Найперш зацікаўленасць вучня і настаўніка ў агульным выніку, разуменне вучня, падтрымка з боку настаўніка. Зразумела, гэта пастаянная праца не адзін год. З Вікай мы працавалі з пятага класа, пісалі даследчыя работы, удзельнічалі ў алімпіядах і конкурсах. А гэта спрыяе агульнаму росту вучня, бо прыходзіцца чытаць дадатковыя творы, вывучаць творчасць пісьменнікаў, пісаць водгукі. Рэспубліканская алімпіяда – гэта вынік упартай работы вучня і настаўніка.
Здольныя вучні ёсць заўсёды, кажа настаўніца, але для поспеху патрэбны не толькі веды па прадмеце, павінна быць агульная начытанасць, шырокі кругагляд, камунікабельнасць і крыху шанцавання.
Мяняюцца часы, мяняюцца вучні. Адораныя дзеці, якія цягнуцца да ведаў, ёсць, і з імі мы працуем разам, рыхтуемся да конкурсаў і алімпіяд. Галоўнае, каб яны адчувалі дапамогу і падтрымку настаўніка, пераканана А. А. Навуменка.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.