Чым карміць будзем?
Такога засушлівага лета, як сёлета, старажылы раёна не помняць. З-за адсутнасці вільгаці травы не давалі росту, і першы ўкос, на які ў сельгаспрадпрыемствах заўсёды ўскладваюць вялікія надзеі, не апраўдаў сябе. У выніку па раёне на 18 верасня нарыхтавана 16,4 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Гэтага, зразумела, мала. Як сельгаспрадпрыемствы будуць выходзіць з сітуацыі і дзе браць кармы? Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзіміра Пушнова.
«Сапраўды, сёлетні год для нарыхтоўкі кармоў вельмі складаны. Звычайна асноўную частку сенажу сельгаспрадпрыемствы закладваюць з першага ўкосу, а сёлета ён быў слабым, – адзначыў Уладзімір Сяргеевіч. – Таму і атрымалася, што асноўная нагрузка па корманарыхтоўцы прыйшлася на жнівень і верасень. Дызельным палівам на ўборку кармоў гаспадаркі забяспечаны.
І справы ладзяцца там, дзе арганізацыя працы на вышыні. У лідарах – ААТ “АграБаравінка”, дзе нарыхтавана 24 кармавыя адзінкі на адну ўмоўную галаву жывёлы, ААТ “Ляжні” (21,3 к. адз.), УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” (21,8 к. адз.).
Разам з тым дрэнныя тэмпы па нарыхтоўцы кармоў у КУСГП “Сіроцінскі” і “Ульскі”, ААТ “Прыазёрны мір”. Варта фарсіраваць работу “Лаўжанскаму”, які на сённяшні дзень у аўтсайдарах».
У раёне маюцца 12 кормаўборачных камбайнаў, 8 КВК, 24 касілкі. Ёсць і што ўбіраць, бо пра гэта падумалі загадзя. Яшчэ падчас уборкі траў першага ўкосу некаторыя гаспадаркі раёна засеялі так званыя пажніўныя паўкосныя культуры. Так, 400 гектараў алейнай рэдзькі расце ў «АграБаравінцы», «Прыазёрным міры», «Лаў-жанскім». Плюс па раёне засеяна 2400 гектараў аднагадовых культур. Дарэчы, «Ляжні» прыступілі да іх уборкі. Вялікія надзеі ў сель-гаспрадпрыемстваў і на кукурузу, якой засеяна па раёне 2896 гек-тараў і да ўборкі якой прыступілі амаль усе гаспадаркі. Зараз самыя аптымальныя тэрміны – фаза малочна-васкавой спеласці.
Механізатары сельгасапрад-прыемстваў косяць усё, што толькі можна. Касілкі даязджаюць да самых аддаленых і маленькіх участкаў, скошваюць пойменныя лугі. У некаторых гаспадарках прыступілі да ўборкі канюшыны трэцяга ўкосу. Прыклад таму – КУСГП «Ульскі» і «Сіроцінскі».
Самая вялікая колькасць буйной рагатай жывёлы (5505 галоў) – у «Лаўжанскім». Якое бачанне выхаду з сітуацыі тут? Справы пракаменціраваў дырэктар Дзяніс Ражанскі: «У гаспадарцы засеяна 844 гектары кукурузы, яе будзем закладваць на сілас. Акрамя гэтага, у Гарадоцкай птушкафабрыкі выкупілі на корані 300 гектараў кукурузы, якую таксама ўбіраем на корм».
Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама падлічылі, што на працягу верасня-кастрычніка ўпаўне рэальна нарыхтаваць 26 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Толькі пры такой наяўнасці кармоў зімоўка будзе сытнай для 14952 галоў буйной рагатай жывёлы, што ёсць у раёне.
Ларыса КІСЯЛЁВА.