Вясковы падворак
Міма вясковага падворка, які з’явіўся каля трасы Р-20 перад Мікіціхай праехаць проста немагчыма. Людзі спыняюцца, фатаграфуюць і фатаграфуюцца самі на яго фоне.
Чаго тут толькі няма, і ўсё зроблена з саломы. І трактар з механізатарам, і вясковая хата, і вежа. Побач млын. Усю вясковую кампазіцыю ўпрыгож-вае ўсмешлівая гаспадыня. Такі прыкметны аб’ект прымеркаваны да «Дажынак», якія сёлета пройдуць у Шаркоўшчыне 29 верасня.
Дызайн – мастака-афарміцеля цэнтральнай раённай бібліятэкі Іны Зяньковай, расказалі спецыялісты сектара культуры райвыканкама. Астатняе, як кажуць, справа тэхнікі. Механізатары СУП «Лаўжанскае» прывезлі і склалі ў адпаведнасці з задумкай мастака 23 рулоны і 13 цюкоў саломы.
«Над афармленнем кампазіцыі працавалі два дні, – расказала Іна Зянькова. – Вельмі дапамагала кіраўнік народнай студыі “Спадчына” Дома рамёстваў Вольга Загвоздава. Усю мужчынскую работу ўзялі на сябе работнікі гаспадарчай групы раённага цэнтра культу-ры Пётр Трафімаў і Павел Кліменцьеў. Дошкі і рэйкі прывёз лясгас, фарбамі і пэндзлямі забяспечыла ўпраўленне па сельскай гаспадарцы».
Ларыса ЗАЙЦАВА.