Дротавыя карункі
Заўсёды прыемна разглядаць фотаздымкі, на якіх запамінальныя моманты нашага жыцця: вяселлі, юбілеі, нараджэнні дзяцей і ўнукаў ці проста адпачынак з сям’ёй у альтанцы пад яблыняй. Каштоўныя кадры многія любяць захоўваць у фотарамках на сцяне. Вядома, іх можна купіць.Але ўсё ж лепш зрабіць сваімі рукамі, як гэта робіць Пётр Крупскі з вёскі Плігаўкі.
Фотарамкі ў Пятра Захаравіча незвычайныя, аздо-бленыя дротам рознага колеру і рознага дыяме-тру. Выходзіць арыгінальна і непаўторна. Пра та-кое захапленне мужчыны карэспандэнту раённай газеты падказаў в. а. старшыні Обальскага сельвыканкама Сяр-гей Мураўёў. «Раней Пётр Крупскі рупіўся ў паляводстве і жывёлагадоўлі ў “Лаўжанскім”, а зараз ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама працуе рабочым пры сельвыканкаме, – расказаў Сяргей Сцяпанавіч. – Днём займаецца добраўпарадкаваннем, а вечарамі – заняткам для душы. Ягоныя фотарамкі, можна параўнаць з карцінамі, – заглядзенне».
Мы накіроўваемся па названым адрасе ў вёску Плігаўкі. Пётр Крупскі паказвае свае работы – у аздобленых рамках іконы. Побач з імі – сямейныя фотаздымкі. «Калі больш як дваццаць гадоў таму працяглы час ляжаў у бальніцы, то і навучыўся майстэрству ад суседа па ложку, – расказаў Пётр Захаравіч. – Выразаю з фанеры прамавугольнік патрэбнага памеру, па цэнтры наклейваю фота, а потым бяру асноўны матэрыял для аздаблення – алюмініевы і медны дрот. Рукамі сплятаю коску, раблю розныя петлі і выкладваю узор на рамцы. Потым свабоднае месца засыпаю дробна нарэзаным дротам. Зверху заліваю бясколерным лакам. Некалькі гадзін – і рамка гатова».
У некалькіх такіх рамках – фота ўнука Багдана, якому зараз чатыры годзікі. Дарыў свае вырабы родным і знаёмым. Усім падабаўся такі арыгінальны падарунак, які не купіш ні ў адным магазіне. А яшчэ час ад часу Пётр Крупскі аздабляе дротам шкатулкі. Кажа, што з яго во-пытам гэта няцяжка, было б толькі матэрыялу для работы ўдосталь.
Ларыса ЗАЙЦАВА.