«БУФФ» і ў Аўцюках насмяшыў народ!
Шумілінцы ведаюць, што народны тэатр мініяцюр «БУФФ» раённага цэнтра культуры ўмее смяшыць і з пачуццём гумару ў яго ўдзельнікаў усё ў парадку. Зусім невыпадкова сёлета тэатр узяў Гран-Пры на абласным свяце гумару «Смяяцца – не грэх», што праходзіў у Шуміліне. Пасмяшыў «БУФФ» як след народ і на рэспубліканскім фестывалі народнага гумару «Аўцюкі» (Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці), за што быў узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі «Тэатр мініяцюр».
Сапраўды, шумілінцы былі яркімі, каларытнымі, запамінальнымі і проста не маглі застацца незаўважнымі – у гэтым мы пераканаліся і самі, паглядзеўшы фотарэпартаж на сайце мясцовай газеты (амаль два дзясяткі фотаздымкаў – выступленні тэатра мініяцюр «БУФФ»).
«Чым забаўлялі народ у Аўцюках?» – спыталі мы ў рэжысёра тэатра Марыі Забела. «Выступалі на дзвюх пляцоўках, паказалі праграму «Пажартуем па-шумілінску» ў Вялікіх Аўцюках. Сваёй пераможнай гумарыстычнай праграмай «Шумілінская трасянка» сарвалі шквал апладысментаў і выклікалі смех у мясцовых жыхароў і гасцей свята ў аг. Малыя Аўцюкі», – расказала рэжысёр.
Між іншым, шумілінцам на фестывалі быў уручаны таксама дыплом за захаванне традыцыйнага гумарыстычнага жанру.
Ларыса КІСЯЛЁВА