Купил дрон — получи разрешения!

Закон

Якія законы ёсць на дроны?

Фото носит иллюстративный характер.

Уявіце сабе карціну: выходзіце з прадпрыемства на вуліцу, а над вашай галавой лятае неапазнаны аб’ект – квадракоптар, робіць фота ці здымае відэа. Менавіта такую карціну назіралі нядаўна шумілінцы ля адной з арганізацый райцэнтра.

Як высветлілася, аператарам квадракоптара быў непаўналетні жыхар Шуміліна, якому бацькі падарылі такую “цацку” коштам больш як чатыры тысячы рублёў. А здыманне было незаконным, бо аператар не меў спецыяльнага дазволу.

Квадракоптары з кожным годам набіраюць усё большую папулярнасць. І калі раней хлопчыкам былі за шчасце звычайныя цацкі-самалёты (пазней радыёўпраўляемыя), то ця-ер яны ўсё часцей мараць пра дроны. Купіць іх (хоць каштуюць яны нятанна) – адна справа, іншая – карыстацца імі па законе, каб не атрымаць штраф. Як гэта зрабіць, расказаў начальнік аддзялення па ахове грамадскага правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Трафімаў.

«У загадзе Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь № 268, які ўступіў у сілу з 4 чэрвеня 2023 года, значыцца, што ўсе беспілотнікі вагою 150 грамаў і больш, а таксама тыя, у якіх устанаўліваецца дадатковая відэакамера, павінны быць зарэгістраваныў Дэпартаменце па авіяцыі, – паведаміў Павел Альбертавіч. – Рэгістрацыя не патрэбная для дронаў, вага якіх менш за 150 грамаў і дзе няма дадатковай відэакарты. Акрамя гэтага, аператар беспілотніка павінен прайсці спецыяльныя трохдзённыя курсы, якія арганізоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ў Мінску, а таксама пры ДТСААФ у любым горадзе краіны. Калі чалавек хоча займацца аэраздымкамі (вышэй за 100 метраў), трэба атрымліваць дазволу Генеральным штабе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь».

Такім чынам, калі чалавек кіруе беспілотнікам, яму неабходна мець два абавязковыя дакументы: сертыфікат аб навучанні і дазвол на фота – і відэаздыманне. У адваротным выпадку наступае адказнасць па арт. 18.35. КаАП Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы» (штраф да 20 БВ), за паўторнае парушэнне – 50 БВ. Што тычыцца юрыдычных асоб, тут штрафы большыя: на першы раз – да 50 БВ, паўторна – да 100 БВ.

У гэтым  годзе  супрацоўнікамі РАУС зарэгістраваны 2 факты незаконных фота –і відэаздыманняў. У першым выпадку, які ўзгаданы ў пачатку артыкула, аператару не споўнілася яшчэ 16 гадоў, таму пратакол складзены на бацькоў за неналежнае выхаванне сына. У другім выпадку ў РАУС патэлефанавалі з Мікалаева і паведамілі, што незнаёмы чалавек “нешта здымае пры дапамозе дрона”. Як высветлілася, жыхар Маладзечна вырашыў зрабіць відэа прыгожых краявідаў на Заходняй Дзвіне. Дазволу на гэта не меў. У абодвух выпадках супрацоўнікі РАУС адправілі інфармацыі ў Генеральны штаб Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Будзе складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы.

Важна ведаць! Нават калі чалавек мае дазвол на фота – і відэаздыманне і прайшоў спецыяльнае абучэнне, трэба выконваць усе правілы эксплуатацыі, якія ўстаноўлены вытворцам дрона. Квадракоптарам забараняецца карыстацца ў населеных пунктах, за межамі зоны бачнасці аператара, вышэй за 100 метраў, у забараняючых зонах (напрыклад, на мяжы з іншымі дзяржавамі, ля ваеннай часці, на аэрадромах, ля ахоўваемых аб’ектаў).

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *