Якасць малака
У Шумілінскім цэху ААТ “Малако” адбыўся семінар па якасці малака. Удзел у семінары ўзяў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу В. В. Родзіч.
Зараз валавы надой малака складае па раёне каля 88,8 тоны за дзень (летась – 81,7 тоны). На сырзавод штодзень паступае крыху больш як 80 тон. 50% малака ідзе сортам экстра, астатняе – вышэйшым. Сёлета ніводная гаспадарка яшчэ не здавала малако першым і другім гатункам, расказала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу В. У. Лабейка. І калі ў мінулым годзе наш раён па якасці малака быў у хвасце абласной зводкі, то сёлета мы на восьмым месцы. В. В. Родзіч паставіў задачу больш малака здаваць сортам экстра-клас, каб увайсці ў пяцёрку лепшых раёнаў. Патэнцыял для гэтага ёсць, перакананы Віктар Віктаравіч.
Разглядаліся пытанні даення кароў у час летне-пашавага ўтрымання. Перасоўныя даільныя устаноўкі, флягі, бочкі для вады, халадзільныя ўстаноўкі даўно гатовы. З усіх 44 гуртоў на летне-пашавае ўтрыманне выгнана 38. Нельга дапусціць, каб атрымалася так, што малако недзе ахалоджваць, што ў гаспадарках не працуюць “Лактаны”, каб вызначыць якасць прадукцыі.
Асаблівая ўвага на нарадзе ўдзялялася рабоце ветэрынарнай службы, бо хворая карова ў статку, а дакладней, малако ад яе – як лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Калі такое малако трапіла ў агульнае, сырзавод верне яго назад гаспадарцы. Вядома ж, з няякаснай сыравіны не атрымаюцца добрыя і смачныя сыры.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №35 ад 04.05.2012 г.