А юшка ў той вечар атрымалася вельмі смачнай!
Поўны нечаканасцяў і сюрпрызаў стаў вечар 17 ліпеня для пятнаццаці выхаванцаў Обальскага сацыяльнага прытулка. Да дзяцей прыехалі актывісты раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» і падарылі спартыўна-кулінарны вечар.
Як расказала педагог установы Ірына Дубянок, на пачатку прайшла вясёлая спартландыя, у якой удзельнічалі мен-шыя выхаванцы прытулка і госці. Адну каманду ўзначаліла старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Шалахава, намеснік старшыні райвыканкама, другую – начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. Пасля яе дзеці з гасцямі пайшлі гатаваць юшку.
У гэты час каманда старэйшых выхаванцаў на чале з Сяргеем Курчанавым супрацьстаяла на футбольным полі камандзе гасцей, якую ўзначаліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Буд-невіч. Трэба было бачыць, колькі азар-ту і перажыванняў было на полі, хаця ў выніку сустрэча закончылася нічыёй.
Пасля ўсе разам частаваліся юшкай, якая ў той вечар атрымалася вельмі смачнай. Частаваліся і размаўлялі: госці расказвалі пра раён, пра запатрабаваныя прафесіі, а дзеці – пра тое, кім жадаюць стаць у дарослым жыцці, пра свае сем’і, у якія ім так хочацца вярнуцца як мага хутчэй.
Аляксандр ШЭДЗЬКО