Жыццё, прысвечанае Шуміліншчыне
Украінскі хлопец, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Шумілінскаму раёну. Ён вырас з маладога спецыяліста да старшыні райвыканкама. І гэты кар’ерны рост адбыўся дзякуючы адказнай, добрасумленнай працы, высокай прафесійнай кваліфікацыі, арганізатарскім здольнасцям Ягора Сцяпанавіча ГАНЧАРОВА.
Ягор Ганчароў нарадзіўся 1 кастрычніка 1940 года ў сяле Боравічы Сумскай вобласці Украіны. Закончыў мясцовую пачатковую школу, потым сямігодку ў суседнім сяле і сярэднюю школу. Пасля школы пайшоў працаваць у калгас «Чырвоны барэц».
У 1961 годзе прызваны ў Савецкую Армію. Тры гады вайсковай службы Ягор Ганчароў праходзіў у пагранічных войсках, на заходняй граніцы СССР у 27-м пагранатрадзе ў г. Мукачова (Закарпацкая вобласць Украіны).
Пасля арміі, у 1964 годзе, паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, абраў для сябе спецыяльнасць агранома. Вучыўся выдатна, што пацвярджае дыплом з адзнакай, выдадзены ў 1969 годзе.
Малады спецыяліст атрымаў накіраванне ў Шумілінскі раён, дзе яго прызначылі галоўным аграномам саўгаса «Лаўжанскі», і здолеў наладзіць работу ў гаспадарцы. Як адзначалася ў характарыстыцы, «дзякуючы яго клопату, гаспадарка штогод павялічвае вытворчасць зерня, бульбы і іншых сельскагаспадарчых культур. Шмат увагі ўдзяляе пытанням укаранення перадавых метадаў вырошчвання зерневых і тэхнічных культур». За тры гады ўраджайнасць зерневых у «Лаўжанскім» вырасла з 10,5 ц/га да 21,5 ц/га. Малады аграном быў прадстаўлены да медаля «За добрасумленную працу. З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна».
А ў 1972 годзе Ягору Ганчарову прапанавалі ўзначаліць калгас «Ленінскі прызыў». У гэтым калгасе Ягор Сцяпанавіч адпрацаваў дзевяць гадоў. Пад яго кіраўніцтвам калгас стаў адным з лепшых у раёне, займаўся вырошчваннем насення зерневых для іншых гаспадарак вобласці. Толькі за гады Х пяцігодкі (1976-1980 гг.) у параўнанні з папярэдняй рэалізацыя зерня вырасла на 50%, малака на 29%, мяса на 22%. За гады пяцігодкі ў Мішкавічах пабудавана 21 кватэра, насеннесховішча, мехток, водаправод, праводзілася рэканструкцыя ферм.
Арганізатарскія здольнасці Я. С. Ганчарова былі заўважны кіраўніцтвам раёна і вобласці. Таленавіты кіраўнік, арганізатар вытворчасці зноў робіць кар’ерны крок. У 1981 годзе першы сакратар райкама КПБ Н. С. Сянчура прапануе кіраўніку перадавой гаспадаркі пасаду начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, а з 1983 года ён адначасова – першы намеснік старшыні райвыканкама. У 1986 годзе ў сувязі са змяненнем структуры кіраўніцтва ў сельскай гаспадарцы Я. С. Ганчароў ўзначальвае раённае аграпрамысловае аб’яднанне, па-ранейшаму адказвае за сельскагаспадарчую галіну раёна. І галіна паспяхова развіваецца: за гады XII пяцігодкі сярэднегадавая вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вырасла на 6%, узровень вытворчасці мяса – на 74%, малака – на 32%. Працоўная дзейнасць Я. С. Ганчарова была адзначана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, граматамі Віцебскага аблвыканкама.
4 красавіка 1990 года Я. С. Ганчароў сесіяй раённага Савета народных дэпутатаў абраны старшынёй райвыканкама. Гады яго кіраўніцтва раёнам прыйшліся на самыя складаныя часы: распад Савецкага Саюза і найцяжэйшы эканамічны крызіс, станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь, пераход да прэзідэнцкай формы кіравання. Ягор Сцяпанавіч годна прайшоў праз усе гэтыя часы, адказна выконваючы свае абавязкі.
З 1997 года і да выхаду на заслужаны адпачынак у 2005 годзе Я. С. Ганчароў узначальваў землеўпарадкавальную службу раёна.
P.S. Артыкул напісаны на падставе фондаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Сёлета яны папоўніліся дакументамі і матэрыяламі, якія перадала Ларыса Дзмітрыеўна Ганчарова, жонка былога старшыні райвыканкама Ягора Сцяпанавіча Ганчарова.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.