У Людмілы Сільвестравай, начальніка сектара планава‑эканамічнай службы Шумілінскага лясгаса, сёлета прафесійны юбілей – дзесяць гадоў работы на прадпрыемстве.
Хаця ў прафесію Людміла Сільвестрава трапіла, можна сказаць, выпадкова. Пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа яе накіравалі ў Касцюковіцкі лясгас эканамістам з той нагоды, што па эканамічных спецыяльнасцях мела дзявяткі. Яна, як і меркавала кіраўніцтва, справілася. І калі ў 2013 годзе прыйшла працаваць эканамістам у Шумілінскі лясгас, за плячыма быў ужо вопыт. На дапамогу прыйшла былы работнік Валянціна Васільеўна Сівіцкая, якая навучыла многім тонкасцям.
Сёння Людміла ўжо сама можа стаць настаўнікам для маладых спецыялістаў. Начальнік сектара планава-эканамічнай службы адказвае за бізнес-план прадпрыемства, выкананне прагнозных паказчыкаў, аналізуе рэнтабельнасць і сабекошт, падказвае калегам, у якім накірунку выгадней працаваць і якую прадукцыю рэалізоўваць.
«Некаторыя лічаць, што работа з лічбамі – гэта сумна і нецікава. Няпраўда! – кажа Людміла. – У любой прафесіі бываюць цяжкасці. Не варта бегчы ад іх, а трэба пераадольваць, спрабаваць вырашаць праблемы – прытрымліваюся такой пазіцыі. Сваю прафесію палюбіла яшчэ больш, калі паступіла вучыцца завочна на эканаміста ў Маскоўскі міжнародны ўніверсітэт, дзе праз паўтара года ўжо атрымаю дыплом».
Людміла Сільвестрава вельмі задаволена сваёй надзейнай згуртаванай камандай, у склад якой уваходзяць эканамісты Анастасія Малашонак і Анастасія Пінягіна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.