Адраджэнне пачынаецца з душы
У вёсцы Навікі Каўлякоўскага сельсавета адбылося асвячэнне капліцы ў гонар іконы «Пакроў Прасвятой Багародзіцы». Капліца ўсталяваная па ініцыятыве мясцовых жыхароў у памяць пра Свята-Пакроўскую царкву, якая існавала ў Навіках з 1808 года да 1930-х гадоў.
Пра адраджэнне духоўнага жыцця, якому паспрыяе ўзвядзенне капліцы, гаварыў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі падчас богаслужэння. «Цяпер у вас ёсць месца, куды можна прыйсці і памаліцца, дзе можна правесці богаслужэнне», – сказаў ён, звяртаючыся да навікоўцаў.
У асвячэнні капліцы благачыннаму саслужылі іерэі Вадзім Яско і Аляксандр Фурсін. Пасля асвячэння вяскоўцы ўпрыгожылі капліцу кветкамі.
Ураджэнец Навікоў, а зараз сталічны жыхар Аляксандр Красіцкі (на здымку), які стаў натхняльнікам і спонсарам узвядзення капліцы, сказаў:
«Вельмі хочацца, каб жыццё на нашай малой радзіме, дзе зараз засталося каля двух дзясяткаў чалавек, адрадзілася, і няхай адраджэнне пачнецца з гэтай капліцы. Прыемна, што практычна ўсе жыхары вёскі па сваіх сілах да-памагалі ва яе ўзвядзенні. Яна паспрыяе ўмацаванню душы кожнага, хто будзе праходзіць ці праязджаць каля яе, а малітва натхніць на добрыя справы».
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Даведка «ГП» У 1922-1924 гадах у Навікоўскай Свята-Пакроўскай царкве служыў наш зямляк (нарадзіўся ў в. Ужляціна ў 1863 годзе) Мікалай Акаловіч. Ён быў вядомы сваёй місіянерскай і педагагічнай дзейнасцю ў Полацку, Варонежы, Дзвінску (Даўгаўпілс), Віцебску, карыстаўся аўтарытэтам і павагай у царкоўным асяроддзі. У СССР быў рэпрэсіраваны, памёр ў зняволенні ў 1934 годзе. У 2007 годзе кананізаваны Беларускай праваслаўнай царквой як Свяшчэнапакутнік Мікалай Віцебскі.