Прозвішча ўрача клінічнай лабараторнай дыягностыкі загадчыка клініка-дыягнастычнай лабараторыі цэнтральнай раённай бальніцы Таццяны Аляксандраўны ІВАНОВАЙ – на раённай Дошцы гонару.
Такое прызнанне Таццяна Аляксандраўна атрымала за адказнасць, укараненне інавацый, новых ідэй і метадаў даследавання ў клінічна-дыягнастычнай лабараторыі, расказала галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч.
Таццяна Іванова родам з Чашнікаў, вывучылася ў Віцебску на медсястру і працавала лабаран-там на кафедры клінічнай дыягностыкі ў Віцебскім медуніверсітэ-це, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам Уладзімірам, разам з якім прыехала ў Шуміліна. Спачатку працавала старшай медсястрой паліклінікі. Потым закончыла Смаленскую дзяржаўную медыцынскую акадэмію, ардынатуру па клінічнай дыягностыцы ў Віцебску і вось ужо 8 гадоў ўзначальвае клініка-дыягнастычную лабараторыю.
«Я люблю сваю работу, – кажа Таццяна Іванова. – Люблю свой зладжаны і працавіты калектыў, які складаецца з дзесяці лабарантаў і двух санітарак. У апошнія гады наша лабараторыя набыла новы выгляд, тут зроблены рамонт, з’явілася новае абсталяванне, мы праводзім значна больш даследаванняў, сярод якіх – агульна-клінічныя, біяхімічныя, гематалагічныя, імунахімічныя, імунагематалагічныя. Ёсць многа новаўвядзенняў: мы робім даследаванне крыві, якое паказвае запасы жалеза ў арганізме чалавека, больш шырока прымяняем маркеры трамбозаў і бактэрыяльных інфекцый, праводзім даследаванне антыгену на каронавірусную інфекцыю. Бальніца закупіла абсталяванне для даследавання шчытападобнай залозы, якое праводзіцца ў дзень здачы аналізаў».
Усе працэсы даследавання ў лабараторыі райбальніцы аўтаматызаваны. Сюды прывозяць аналізы на даследаванне са Светласельскай і Мікіціхінскай амбу-латорый, з Обальскай бальніцы, з сельскіх ФАПаў. За дзень толькі біяхімічных аналізаў робіцца больш за сто, столькі ж і агульных аналізаў крыві.
Калегі ТаццяныІвановай лічаць яе нястрогім кіраўніком. Яна хутчэй старэйшая калега, сябар, настаўнік, які заўсёды падкажа, накіруе ў правільны бок. І калегі цэняць гэта, паважаюць свайго кіраўніка.
Таццяна Аляксандраўна лічыць прафесію медработніка патрэбнай і важнай. Ганарыцца, што сямейную дынастыю прадоўжыць дачка Яна, якая вучыцца на лячэбным факультэце Гомельскага медінстытута.
Ларыса ЗАЙЦАВА.