РЕСПУБЛИКАНСКИЙ СУББОТНИК В ШУМИЛИНО

Актуалии Общество Официально

І настрой мажорны,
і пытанні нялёгкія…

Чалавек — істота разумная.  У чалавека, аднаго з усіх жывых, што насяляюць нашу планету, ёсць свядомасць.  Нездарма лаціяне ў старадаўнія часы назвалі чалавека гома сапіенс. Аднак калі б тыя лаціяне ўбачылі,  колькі “розуму” ў таго ці іншага “гомі”, — жахнуліся б. Што гэта, калі не звычайнае шкодніцтва і дзікунства: адзін высаджвае дрэўца — другі ломіць і нявечыць, адзін прыбірае, другі ўслед жа смеціць…
Гаворку з такой “ноты” завёў нездарма: у дзень рэспубліканскага суботніка па вуліцы Ленінскай замест спілаваных ліп высадзілі маладыя саджанцы клёну, а ў сераду, праз тры дні, раніцой заўважыў бязлітасна знявечанае  дрэўца, што якраз насупраць рэдакцыйнай брамкі. Хто яго скалечыў? Сказаць цяжка, адно ясна: не той, хто яго высадзіў. Зламаў нягоднік, зламаў той, хто не ўмее, не прывучаны шанаваць працу іншых.
Балюча было глядзець на “панараму”, якую адкрыў пасля зімовай “спячкі” малады сасоннік ў аграгарадку Светласельскі. Рабочыя СШ № 1 прыбіралі тут смецце. Адна жанчына, убачыўшы сляды “цывілізацыі” ля колішняга вогнішча, абуралася:
— Паглядзіце,  што тут робіцца! — і схілілася за адной бутэлькай з-пад піва, другой, складвала іх у мяшок, засоўвала і рэшткі іншага пластмасава-папяровага смецця.
— Чаму ж нельга было вывезці яго адразу?!  У пакет і — у урну. Каго мы выхоўваем?..
Пытанне не пустое, пытанне вельмі сур’ёзнае: сапраўды — каго? Утрыманцаў, дзікуноў і элементарных лодараў?.. Дарэчы, падобныя пытанні задавалі настаўнікі СШ № 2, якія прывялі сваіх выхаванцаў на бераг шумілінскага возера.
На суботніку, аднак, панаваў узнёсла-мажорны настрой. У цэнтральным парку старшыня райвыканкама У. П. Куранны, яго намеснікі А. М. Зайцаў, В. В. Доктараў, іншыя работнікі райвыканкама высаджвалі маладыя клёны, працавалі тут жа, у парку, і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, і гурт работнікаў камунгасу. Выйшлі калектывы сувязістаў, аптэкі, прыбіралі, ускопвалі, высаджвалі дрэўцы, рупіліся работнікі дзіцячага сада № 1. Яны выкладвалі дарожкі для дзетак, рабілі ўсё, каб садок сапраўды заставаўся першым у раёне. За тылам гожага будынка цэнтральнай бібліятэкі работнікі аддзела культуры выкладвалі з плітак дарожку. Пад кветнікі і пасадку дрэў капалася зямля цераз дарогу ад універмага, тут жа парадкавалася мясціна, дзе знеслі збуцвелы прыватны дом…
Патрэбную работу рабілі мужчыны, якія папраўлялі пахілую агароджу за магазінам “Вясковы” у аграгарадку Светласельскі. Праўда, жалезабетонныя слупкі “пацягнулі” за сабой такія ж бетонныя пліты агароджы нездарма:  трэба было ў свой час слупкі не толькі ўкапаць, а і заліць бетонам. Не было пад рукой раствору ў рабочых і на гэты раз…
У тым жа Светласельскім бяліліся дрэвы, выйшлі папрацаваць дзеткі з мясцовага дзіцячага садка, прывялі ў парадак сіламі СШ № 1 помнік воінам Вялікай Айчыннай…
Мікалай МАРОЗ.

Статыстыка. У рэспубліканскім суботніку ў Шумілінскім раёне прынялі ўдзел 6691 чалавек, у дадатак – больш за 900 чалавек прыцягнуты з ліку школьнікаў і мясцовага насельніцтва. Зароблена на суботніку 34,7 млн. рублёў. Трэба сказаць, што ў гэты дзень выпушчана прамысловай прадукцыі на 224 млн. рублёў, выканана будаўніча-мантажных работ на 40 млн. рублёў.
Надрукавана ў №33



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *