Казка сваімі рукамі
Каля дома Марыі Анатольеўны Ясіновіч, што жыве па вул. Суворава ў райцэнтры, немагчыма прайсці міма, не звярнуўшы ўвагу на падворак. Казку сваімі рукамі стварыла сама гаспадыня.
Чаго тут толькі няма: лавачкі, кветкі, казачныя домікі, палацы, млыны, калодзежы, птушкі, розныя казачныя героі. Тое, што бачна прахожым перад ганкам дома – гэта толькі палова вырабаў. А другая яе палова знаходзіцца за хатай, ля яблыневага сада.
Гаспадыня гасцінна запрасіла на свой падворак і правяла экскурсію. Яна расказала, што ўпрыгожваць свой двор пачала амаль дзесяць гадоў таму. Першай падзелкай была птушка-фенікс з пластмасавых бутэлек. Потым з’явіўся палац, ля якога пасяліліся Белас-ежка і сем гномаў, за імі – іншыя казачныя персанажы.
Ва ўмелых руках жанчыны спадручныя матэрыялы (жэрдкі, бутэлькі, пенапласт, корпусы ад свяцільнікаў дзённага святла, драўляныя цуркі і інш.) ператвараюцца ў прыгажосць. У дапамогу – фарбы і фантазія. Нават пень ад старой грушы быў “пераабсталяваны” ў домік – арыгінальна. «Мне падабаецца ствараць прыгажосць сваімі рукамі, – кажа Марыя Анатольеўна. – Гэта маё захапленне, якім жыву. Родныя падтрымліваюць мае пачынанні, падказваюць, дапамагаюць матэрыяламі, а ў падарунак заўсёды купляюць малыя архітэктурныя формы, якіх ужо назбіралася нямала».
Ларыса ЗАЙЦАВА.