Мост імя Парыжскай камуны
У 1928 годзе быў адкрыты мост праз Заходнюю Дзвіну, які злучыў Улу і Мікалаева.
Да 1928 года ад Віцебска да Полацка на Заходняй Дзвіне мастоў не было. Дарэчы, адсутнасць пастаяннай трывалай сувязі з райцэнтрам і асноўнай тэрыторыяй раёна стала адной з прычын перадачы Каўлякоўскага сельсавета ад Бешанковіцкага да Шумілінскага раёна. Перапраўляліся на другі бераг на лодках, плытах, паромах. Яшчэ з дарэвалюцыйных часоў у межах нашага раёна дзейнічалі тры паромныя пераправы – у вёсцы Будзілава, мястэчку Бешанковічы і маёнтку Тэкленвіль (зараз в. Мікалаева). Адна з найбуйнейшых паромных перапраў у Віцебскай губерні была ў Тэкленвіле. Яна вяла да рыначнай плошчы каля касцёла ў мястэчку Ула. Першае ўпамінанне пра яе тычыцца 1885 года. Пры шырыні ракі 150 метраў паром мог перавозіць да 500 пудоў (8 тон) грузу.
Ішоў час, будаваліся дарогі, развівалася прамысловасць. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі – асабліва хуткімі тэмпамі. Аб’ёмы і хуткасць грузаперавозак патрабавалі будаўніцтва зручных перапраў – мастоў.
Мост праз Заходнюю Дзвіну ў пасёлку Ула быў адкрыты для руху 18 сакавіка 1928 года з гордым статусам «другога ў СССР і першага ў БССР». Праз два дні, 20 сакавіка, газета «Советская Белоруссия» надрукавала пра гэту важную падзею рэпартаж.
«Вот он, видный уже издали, высокий и плечистый, упершийся тремя каменными ногами в дно застывшей Западной Двины именинник – мост. Новенький, из железа и бетона, гордо приподнявший железные балки в знак приветствия многотысячной толпе. Вот он, иллюминированный и окрашенный, положивший конец допотопному обычаю переправляться на пароме, дожидаться часами, пока откликнутся с другого берега, рисковать жизнью при переездах и тратить на переезд не меньше двух часов, мост, соединивший Уллу с железной дорогой…
Перед мостом, увитым гирляндами, вдаль, насколько видит глаз, один к одному стоят люди. На открытие моста собралось свыше 7000 человек. Пришли не только из Уллы, но и изо всех окрестных деревень, подчас и за десятки верст. Митинг открывает председатель Улльского райисполкома Куксенок. Он предлагает назвать мост именем Парижской коммуны. Под музыку и ружейные залпы предложение принимается. Мост отныне будет носить это почетное имя.
После речей, «Интернационала» должно состояться торжественное шествие по мосту… Маленький пионер Даниах (евр. фамилия) взлезает на табуретку… Он должен будет разрезать красную ленточку и тем самым открыть движение по мосту… Под крики «Да здравствует строительство!» Даниах перерезает ленточку. Оркестр играет марш, и торжественно звучат шаги тысячной массы по свежеобструганным, еще девственно чистым доскам моста. Потом с грохотом проносится местная пожарная команда».
Аўтарам праекта і кіраўніком будаўніцтва моста быў інжынер Іван Міхайлавіч Барабанаў. Яго памочнік – «муляр з магілёўскіх будаўнікоў, камуніст, інжынер-самавучка» Міхаіл Львовіч Эйгорн.
Мост апіраўся на дзве жалезабетонныя апоры, якія стаялі ў рэчышчы ракі. На іх былі пакладзены тры арачныя металічныя пралёты. Насціл моста быў з дошак. Фотаздымак моста нідзе не друкавалі. У той час фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты было забаронена. У архівах захаваліся фотаздымкі разбуранага моста, зробленыя нямецкімі вайскоўцамі ў 1941 годзе.
Мост спраўна служыў людзям да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У 1941 годзе тут праходзілі цяжкія баі за пераправу праз Дзвіну. У журнале баявых дзеянняў 186-й стралковай дывізіі ёсць такі запіс:
«Упорный бой длился до 3.00 часов 5.07.41 г., когда 3-й батальон 298 сп. начал отходить на Восточный берег р. Зап. Двина, взорвав за собой железный мост».
У выніку выбуху абрушыўся сярэдні пралёт моста. Апоры і два іншыя пралёты не пацярпелі. Мост быў адноўлены немцамі і зноў разбураны ў чэрвені 1944 года.
Пасля вайны пераправу праз Заходнюю Дзвіну ажыццяўлялі паромы ў Уле і Бешанковічах. Але моцныя апоры пасярод ракі нагадвалі пра прыгажунмост. Было прынята рашэнне аднавіць мост з выкарыстаннем старых апор. У студзені 1995 года быў адкрыты рух па новым мосце.
Р.S. У газеце «Герой працы» быў надрукаваны артыкул У. А. Нарушэвіча пра ульскі мост і змешчаны фотаздымак апор старога моста.
Уладзімір КУРЫЛОВІЧ, вёска Сіроціна.