“Пасяўная ідзе са скрыпам”
На 25 красавіка ў “Сіроцінскім” было засеяна 143 гектары (18% да плана) яравых зерневых і зернебабовых, а па раёне – 1385 гектараў (16,5 % да патрэбнага).
Разам з дырэктарам КУСГП “Сіроцінскі” М. У. Прыгодзічам едзем на палеткі паміж Ласвіцкімі і Падмішнеўем. “Пачалі сеяць 15 красавіка, – расказвае Мікалай Уладзіміравіч, – а на наступны дзень – дождж, на палеткі не заехаць. Разумеем, што тыя 11 гектараў, што пасеялі за дзень – гэта не паказчык, але ж працаваць хутчэй пакуль не дазваляе надвор’е”.
На палетках, куды прыязджаем, месцамі бачым лужыны. Зверху, па пагорку, зямля пасвятлела, абветрылася, тут працуе пасяўны агрэгат, на ім Сцяпан Шарыкаў. На думку сіроцінскіх механізатараў, сёлета “пасяўная ідзе са скрыпам”.
“Энерганасычаныя трактары працуюць у дзве змены, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі У. А. Федаськоў. – Механізатары разумеюць сітуацыю – яны гатовы працаваць дацямна. І дзякуй ім за гэта. Калі б усе палеткі былі высокія, сяўбу б правялі ў тэмпе. А пакуль прыходзіцца сушыць глебу чызелямі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.