Восемь выпускников школ Шумилинского района получат золотые медали

Молодёжь Образование Общество

Заўтра, 10 чэрвеня, у школах раёна пройдзе ўручэнне атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі выпускнікам 11 класаў. З 71 выпускніка сярэдніх школ восем па выніках навучання атрымаюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём.

На пытанне «Ці цяжка стаць медалістам?» сёлетнія медалісты адказалі: «Не. Галоўнае пачаць вучыцца добра, а потым само сабой атрымаецца». Але зразумела, што вучнёўская праца, як і любая іншая, даволі нялёгкая, яна патрабуе штодзённай упартай работы. А многія пры гэтым не забываюць і пра спорт, музыку і грамадскую дзейнасць, іншыя захапленні.

Хто ж яны — медалісты 2023 года? Гэта выпускнікі Шумілінскай СШ № 1 Бабарэнь Дар’я, Багачоў Канстанцін, Багданава Ілона, Дзягілева Вольга і Дзягілева Крысціна, Сцяпанава Вікторыя, Шэдзько Вікторыя і выпускніца Шумілінскай СШ № 2 Іванова Вікторыя.

Яны атрымалі выдатныя адзнакі па выніках навучальнага года, пацвердзілі іх на цэнтралізаваным экзамене — і заслужылі быць уладальнікамі залатога медаля. Пры гэтым Вікторыя Шэдзько і Вікторыя Іванова сталі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. А Дар’я Бабарэнь здала цэнтралізаваны экзамен па рускай мове на максімальныя 100 балаў!

Сёлета палова медалістаў абрала для сябе сферай прафесійных інтарэсаў медыцыну і будзе паступаць у медыцынскія ВНУ. Ёсць сярод іх і будучыя эканамісты, юрысты і праграмісты.

Сёння і заўтра пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі атрымаюць 176 вучняў 9-х класаў, з іх 7 – асаблівага ўзору, а гэта значыць, што яны патэнцыйныя медалісты 2025 г.

Многія дзевяцікласнікі таксама стаяць на парозе выбару свайго далейшага жыцця і будучай прафесіі. Яны будуць паступаць у сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы.

Пажадаем выпускнікам поспехаў пры паступленні ў абраныя навучальныя ўстановы і добрага жыццёвага шляху! Мы вамі ганарымся!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

100 балаў на ЦЭ

Выпускнікі сярэдніх школ сёлета ўпершыню здавалі выпускныя экзамены ў новым фармаце – цэнтралізаванага экзамену. На ЦЭ па рускай мове Дар’я Бабарэнь (Шумілінская СШ № 1) і Яна Стоцік (Обальская СШ) атрымалі максімальную колькасць балаў – 100, што сведчыць пра іх трывалыя глыбокія веды і высокі ўзровень адукацыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *