Пришкольный участок — «азбука земли» для учеников

Новости Образование

«Азбука зямлі» для вучняў

В теплице Шумилинской СШ №1.

Не першы дзясятак год ва ўстановах адукацыі ёсць прышкольныя ўчасткі. Няхай з часам яны сталі крыху меншымі, але ж захаваліся, апрацоўваюцца і даглядаюцца. Агульная плошча прышкольных участкаў для пасеву гародніны ў дзевяці школах раёна складае 0,74 га, падлічыла тэхнік-тэхнолаг раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Вікторыя Трыпольская. Якія планы сёлета на ўраджай на ўчастках, мы пацікавіліся ў кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Невялікі ўчастак для гародніны ёсць у Шумілінскай СШ № 1. Школа мае дзве вялікія цяпліцы, дзе растуць агуркі, 640 памідораў і 370 перцаў.

У Обальскай школе дбаць пра будучы ўраджай пачалі з восені – пасадзілі некалькі градак азімага часнаку, які добра разыходзіцца на кірмашах. «На дзевяці сотках мы пасеялі моркву, буракі, цыбулю, кабачкі, гарбузы, – расказаў дырэктар школы Аляксандр Сачыўка. – І многа фасолі, бо яна карыста-ецца вялікім попытам у жыхароў раёна. Ёсць у нас дзве цяпліцы, дзе з ранняй вясны вырошчваем салат, цыбулю, сель-дэрэй, а таксама расаду. Потым засаджваем цяпліцу агуркамі і памідорамі. Прадукцыю купляюць як абальчане, так і жыхары іншых населеных пунктаў».

Прыкладна такі ж па памерах агарод маюць у Кардонскай школе. Акрамя традыцыйнай гародніны тут саджаюць кавуны і дыні. Як паказаў мінулы год, гэтая смаката добра расце ў цяпліцы побач з памідорамі і перцамі.

Свае традыцыі і сакрэты вырошчвання гародніны маюць у Шумілінскай СШ № 2. Сёлета тут пасадзілі тры гатункі капусты – сярэдняпознюю «беларускую», сярэднюю «славу» і по-знюю «каменную галаву». У цяпліцы – каля сотні саджанцаў таматаў, сярод новых загадчыца гаспадаркі Наталля Догель назвала гатункі «СамРасце» і «Северок». На ўчастку расце каля дзясятка сартоў бульбы, як правераная «гала», так і новыя – «вега» і «джувэл». Ёсць у школе і два фруктовыя сады з 45 яблынямі. Так што яблыкамі школьная сталовая забяспечана.

Як для ўласных патрэб, так і на продаж вырошчваюць гародніну ў Мікіціхінскай школе. Летась упершыню на ўчастку пасадзілі бульбу, насенне якой прадаставілі спонсары. Пасадзілі бульбу і сёлета, спадзеючыся на добры ўраджай.

«Саджаем тое, што неабходна, – расказала дырэктар Мішневіцкай школы Наталля Іванова. – Атрымліваем стабільны ўраджай морквы, буракоў, цыбулі, бульбы. Агуркі заўсёды солім у слоікі, іх добра разбіраюць на кірмашах».

Ладныя ўчасткі для капусты і бульбы адвялі ў Слабадской школе – ведаюць, што гэта гародніна заўсёды ў попыце. Аддаюць перавагу капусце і ў Амбросавіцкай школе. Ці тут глеба асаблівая, ці ёсць нейкі сакрэт у доглядзе, але капуста расце добра. І яе з задавальненнем купляе мясцовае насельніцтва.

Усю традыцыйную гародніну пасеялі на прышкольным участку ў Башнёўскай СШ, усё, акрамя бульбы – яе няма дзе захоўваць. Затое ля школы адрамантавалі цяпліцу і вырошчваюць у ёй памідоры і агуркі. Адвялі ўчастак пад пладова-ягадныя кусты. Пасадзілі некалькі кустоў чорных парэчак і агрэсту.

Прышкольныя ўчасткі патрэбныя не толькі для таго, каб зрабіць таннейшым харчаванне школьнікаў. Зараз далёка не кожная сям’я мае агарод, таму ўчасткі важныя для працоўнага выхавання, беражлівых адносін да прыроды, для даследчых лабараторных работ. Школьныя агароды для вучняў – гэта своеасаблівая «азбука зямлі», якая пры добрым доглядзе радуе шчодрым ураджаем.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *