«Люблю людзям прыносіць радасць»
Касметолаг з медыцынскай адукацыяй ацаніла перавагі сваёй работы ў якасці самазанятай.
Жыхарка райцэнтра Анастасія Ярыга амаль чатыры гады таму вырашыла заняцца касметычнымі паслугамі, таму, каб усё было законна, зарэгістравалася як самазанятая.
Медсястра па адукацыі, яна некаторы час вучылася прафесіі ў Маскве, закончыла спецыяльныя курсы ў Мінску. Цяпер аказвае жыхарам і гасцям раёна шэраг паслуг: дэпіляцыю воскам, чыстку, пілінг і масаж твару, карэкцыю і афарбоўку броваў. Таксама ўбірае пігментацыю, праводзіць кансультацыі па дамашнім доглядзе за скурай, падбіраючы крэмы. Салон, між іншым, наведваюць як жанчыны, так і мужчыны. Моцная палова, напрыклад, запісваецца на дэпіляцыю і масаж.
«Люблю людзям прыносіць радасць і рабіць іх прыгожымі, – кажа Анастасія. – Стараюся пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю, езджу на курсы, прымаю ўдзел у майстар-класах.
Як самазанятая раней плаціла адзіны падатак, зараз перайшла на падатак на прафесійную дзейнасць, які прадугледжвае ўплату падатку ў памеры 10% ад выручкі. 6% з 10% пералічваюцца ў ФСЗН, а значыць ідзе пенсійны стаж. На тэлефоне ў мяне ўстаноўлена спецыяльная праграма для самазанятых. Пасля кожнага кліента ўношу ў праграму дадзеныя, выбіваю электронны чэк і адпраўляю звесткі ў падатковую інспекцыю. Адтуль мне дасылаюць інфармацыю, колькі трэба заплаціць за месяц. Выходзіць прыкладна столькі ж, колькі я раней плаціла адзінага падатку. Галоўнае, што для мяне гэта зручна. Мае даход і занятасць пацверджаны афіцыйна, так што ніякія праверкі не страшныя».
– У нашым раёне на 1 мая 2023 года ў падатковай інспекцыі зарэгістраваны і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у якасці самазанятых 122 чалавекі, – расказала намеснік начальніка інспекцыі-начальнік аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Шумілінскім раёне інспекцыі МПЗ РБ па Віцебскім раёне Вольга Каўгунова. – Сапраўды, пэўнымі відамі дзейнасці можна займацца, не рэгіструючыся ў якасці юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка. Стаць самазанятым можа любы жадаючы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.