Прафсаюзны прыём: Аб прадастаўленні жылля і водпускаў

Вопрос-Ответ Общество

Шумілінскае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з прававым інспектарам Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Алінай Каралёвай і пракурорам Шумілінскага раёна Іванам Волчыкам правялі прафсаюзны прыём грамадзян у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Прафсаюзнаму юрысту паступіла некалькі пытанняў, якія тычыліся прадастаўлення жылля і водпускаў. Людзі цікавіліся, ці павінны арганізацыя (прадпрыемства), у якія размеркавалі маладых спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, прадаставіць кватэру. Аліна Іосіфаўна патлумачыла, што ў Пагадненні паміж галоўным упраўленнем па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама і Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза аховы здароўя значыцца, што такім спецыялістам прадастаўляецца месца ў інтэрнаце. Што тычыцца кватэры, то трэба разглядаць асобна кожны канкрэтны выпадак і азнаёміцца з калектыўным дагаворам таго прадпрыемства, дзе працуе малады спецыяліст. У некаторых калектыўных дагаворах прапісана, што спецыялісту часткова кампенсуецца плата за здымнае  жыллё. Акрамя гэтага, кіраўнік любой арганізацыі можа выйсці з хадайніцтвам у райвыканкам з просьбай прадаставіць ягоным работнікам арэнднае жыллё. Просьба можа быць выканана  толькі пры наяўнасці такога жылля.

Актуальнае на сёння пытанне – хто ў першую чаргу можа прэтэндаваць на водпуск летам. Прафсаюзны юрыст патлумачыла, што чарга на прадастаўленне працоўных водпускаў устанаўліваецца графікам, зацверджаным наймальнікам і ўзгодненым з прафсаюзнай арганізацыяй (калі гэта прадугледжана калектыўным дагаворам). Летам у першую чаргу прадастаўляюцца водпускі работнікам, якім не споўнілася 18 гадоў, ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, жанчынам, якія маюць дваіх і больш дзяцей да чатырнаццаці гадоў або дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Адпачываць летам па жаданні могуць донары крыві, работнікі, якія перанеслі хваробу, выкліканую катастрофай на Чарнобыльскай АЭС ці іншых радыяцыйных аварый.

Адначасова з прафсаюзным прыёмам прайшла «прамая лінія» і прававая асвета для прафсаюзнага актыву прадпрыемстваў і арганізацый раёна на тэму «Працоўныя водпускі».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *