Прафсаюз віншуе
«Чым складаней, тым цікавей»
Жывёлавод фермы Кардон КУСГП «Ульскі» Сяргей Дубко за добрасумленную шматгадовую працу, асабісты ўклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны ўдастоены Ганаровай граматы Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Каб уручыць узнагароду і падарунак, на ферму ў Кардон прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова і дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка.
У жывёлагадоўлі пераважна працуюць жанчыны. А вось ферме Кардон пашанцавала – тут больш за дзесяць гадоў рупіцца Сяргей Дубко. Яго работа патрабуе фізічнай сілы, цярпення, цягавітасці, максімум намаганняў і любові да жывёлы. Сяргей абслугоўвае два памяшканні фермы (а гэта больш за чатырыста цялят на дарошчванні і пад пакрыццё), падкідвае кармы, раскатвае рулон саломы і падсцілае ёю лежакі для жывёлы, прыбірае тэрыторыю. І спраўляецца з гэтым выдатна.
«Да работы на ферме прывык, не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі, – кажа Сяргей Дубко. – Цяжкасці мяне не пужаюць. Увогуле, чым складаней, тым цікавей дабівацца пастаўленай мэты. Галоўнае – своечасовы догляд, паенне і кармленне». І Сяргей Дубко стараецца: сярэднясутачныя прывагі на ферме Кардон складаюць 680 грамаў.