Ад кахання да нянавісці… пару бутэлек гарэлкі
Следчымі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь пастаянна расследуюцца крымінальныя справы, якія тычыцца сямейнага насілля. Толькі за апошні час былі ўзбуджаны дзве такія справы.
Алена і Сяргей (імёны зменены па этычных меркаваннях) разам не жывуць больш чым год, але не разводзяцца, у іх ёсць васьмігадовая дачка. Пра свае бацькоўскія абавязкі Сяргей пераважна ўспамінае, калі п’яны. «У чарговы раз пасля распіцця спіртных напояў са знаёмым бацька ўспомніў пра дачку, купіў ёй пачастункаў, але не дайшоў, – расказвае старшы следчы райаддзела Кацярына Каяновіч. – Чамусьці вырашыў завітаць на работу да жонкі». Размовы не атрымалася: жанчына сказала, што ў яе з’явіўся новы мужчына і ім наогул трэба развесціся. Гэтыя словы Сяргей успрыняў як вялікую крыўду – і кулаком ударыў Алену, пачаў збіваць яе вогнетушыцелем, а пасля душыць. Жанчына ледзь вырвалася на вуліцу, дзе на яе абарону сталі людзі, што праходзілі побач. Па артыкуле «Пагроза забойствам» узбуджана крымінальная справа. Падрабязнасці і абставіны злачынства высвятляюцца. Мужчына можа пазбавіцца волі на тры гады».
Ірына і Мікалай, якім зараз па 60 год, 41 год у шлюбе. Нягледзячы на тое, што выхавалі двух сыноў, шчаслівым іх сямейнае жыццё не назавеш. «У мінулым годзе Мікалай вызваліўся, – расказвае следчы райаддзела Людміла Данілава. – Судом ён быў асуджаны на 9 год пазбаўлення волі за нанясенне нажавых раненняў жонцы». Пасля вызвалення сям’я разам не жыла, але перыядычна хадзілі адзін да аднаго. Сумеснай гаспадаркі не вялі, затое разам распівалі спіртное. Вось і ў той вечар Мікалай прыйшоў да жонкі. Выпілі, неўзабаве мужчына пачаў абвінавачваць жанчыну, што тая сапсавала ўсё яго жыццё. Спачатку былі знявагі, потым у ход пайшлі кулакі, была спроба задушыць, закончылася ўсё нажавым раненнем.
«На жаль, многія не задумваюцца пра наступствы сямейнага насілля, – адзначае начальнік РАСК Яўген Іваноў. – Не задумваюцца і пра тое, што ў рэшце рэшт усё гэта заканчваецца трагедыяй. І самае страшнае тое, што ахвяры сямейнага насілля гадамі церпяць здзекі і пабоі. Пра “выхаванне” кулаком ведаю-ць знаёмыя, суседзі, ведаюць і маўчаць, нікудыне звяртаюцца. Зноў хачу звярнуцца да жыхароў раёна: калі вы чуеце, што мужчына, тым больш нецвярозы, збівае сваю жонку – выклікайце міліцыю. Адным званком, магчыма, вы выратуеце нечае жыццё».
Аляксандр ШЭДЗЬКО