Имена четырёх офицеров, погибших в 1944 году появятся на братской могиле в Мишневичах

Беларусь помніць

Вяртаем імёны герояў

Мінула 78 год з Дня Перамогі, а нашчадкі салдат Вялікай Айчыннай вайны працягваюць шукаць магілы сваіх продкаў, каб перадаць памяць пра іх будучым пакаленням.

На тэрыторыі Шумілінскага раёна знаходзіцца 58 воінскіх пахаванняў, у якіх знайшлі вечны спакой больш за 11800 савецкіх салдат і афіцэраў – ураджэнцаў практычна ўсіх 15 савецкіх рэспублік, дзясяткаў рэгіёнаў вялікай Расійскай Федэрацыі. Вось і сёлета сталі вядомы новыя імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Сям’я Каміда Караева з часоў вайны ведала толькі тое, што ён загінуў у Беларусі ў 1944 годзе. Дакладная інфармацыя пра месца і абставіны гібелі былі невядомыя. Яны звярнуліся да кіраўніка мусульманскай абшчыны г. Брэста Айдына Біджанава, які звязаўся з нашым раёнам.

Як расказала дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея  Святлана Іванова, вывучэнне архіўных матэрыялаў на сайце «Памяць народа» і ў музеі адкрыла новыя старонкі баявых дзеянняў, якія вёў 1195-ы стралковы полк 360-й Невельскай стралковай дывізіі на тэрыторыі Шумілінскага раёна паміж вёскамі Роўнае і Старыновічы ў пачатку аперацыі «Баграціён». Вывучэнне архіўных матэрыялаў дазволіла супрацоўнікам музея не толькі ўстанавіць абставіны гібелі лейтэнанта Караева, але і імёны яшчэ трох яго аднапалчан, якія былі пахаваны разам з ім.

Лейтэнант Камід Саядавіч Караеў, азербайджанец, ураджэнец Дастафюрскага (з 1956 года – Дашкесанскага) раёна Азербайджана, у лістападзе 1943 года быў узнагароджаны медалём «За адвагу», удзельнічаў у вызваленні Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пры прарыве абароны ворага ў баі 26 чэрвеня 1944 года камандзір узвода ПТР Караеў загінуў, быў пахаваны каля вёскі Замосце (зараз не існуе).

22 чэрвеня ў баі загінуў камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Мікіта Іванавіч Панькоў, ураджэнец сяла Шадруха Углоўскага раёна Алтайскага края.

25 чэрвеня загінуў камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Абрам Мартынавіч Яраў, ураджэнец г. Томска. За свой апошні бой лейтэнант Яраў быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (пасмяротна).

З узнагароднага ліста: «Яраў у наступальных баях з 23.06.44 г. праявіў

стойкасць, уменне і мужнасць… У ноч на 25.06.44 г. умела выканаў задачы па разведцы подступу да апорнага пункту ворага Замосце і вярнуся без страт.

25.06.44 г. першым уварваўся ў в. Замосце і авалодаў выгаднай вышынёй,

дзе адбіў контратаку праціўніка і не аддаў ворагу ні пядзі савецкай зямлі.

Пры адбіцці контратакі тав. Яраў загінуў смерцю храбрых».

27 чэрвеня ў баі быў забіты камандзір стралковага ўзвода малодшы лейтэнант Калуян Фёдар Хатоевіч, армянін, ураджэнец сяла Джарджарыс Алагёзскага раёна Арменіі. У ходзе вайны быў тройчы паранены, у лістападзе 1943 года Фёдар Калуян быў узнагароджаны медалём «За ба-явыя заслугі», а за бой 27 чэрвеня 1944 года – ордэнам Айчыннай вайны I ступені (пасмяротна).

З узнагароднага ліста:«У наступальных баях на Полацкім напрамку малодшы лейтэнант Калуян праявіў доблесць і мужнасць. Праследуючы праціўніка, на чале свайго ўзвода 27.06.44 г. у раёне в. Чарназём ён першым уварваўся ў ДЗОТ праціўніка, знішчыў яго гарнізон і даў нашым перадавым падраздзяленням магчымасць хутка захапіць гэты рубеж. У рукапашнай схватцыі з нямецкімі захопнікамі малодшы лейтэнант Калуян загінуў смерцю храбрых».

Пазней афіцэры, пахаваныя ў Замосці, былі перапахаваны ў аграгарадку Мішневічы. Дарэчы, па ініцыятыве мусульманскай абшчыны г. Брэста зроблена мемарыяльная пліта з імёнамі чатырох лейтэнантаў, якая будзе ўсталяваная ў Мішневічах 9 мая.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *