Рапс атрымлівае падкормку
На мінулым тыдні ва ўсіх гаспадарках раёна працягваліся работы па падкормцы азімага рапсу. Гэтая культура нядрэнна выжыла пасля зімы, але ж месцамі пашкоджана вясеннімі маразамі. “Галоўнае – добрая каранёвая сістэма. У абавязковым парадку трэба падкарміць рапс азотам, і ён пойдзе ў рост, – гаворыць начальнік аддзела інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці С. П. Басаў. – Чым больш адгалінаванняў дасць кожнае каліва, тым вышэйшай будзе ўраджайнасць”. Каб пераканацца, што рапс сапраўды выжыў, Сяргей Пятровіч вырывае некалькі раслін і ўважліва разглядае карэнне, задаволена ўздыхае: цэлыя, непашкоджаныя, значыць, можна спадзявацца на добры ўраджай.
Мы знаходзімся на рапсавым полі СФГ “Крыніца”. Між іншым, названая гаспадарка першай ў раёне завяршыла падкормку азімага рапсу. Справіліся двума РДУ – за дзень падкормлівалі да 140 гектараў. У “Крыніцы” пасаджаны 120 гектараў элітных гатункаў рапсу. “Атрыманае суперэлітнае насенне пастаўляем на Лёзненскую льнонасенстанцыю на сарціроўку, – расказвае галоўны аграном “Крыніцы” Л. М. Прыгун. – А потым здаём насенне на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Тут рапс купляюць ўсе гаспадаркі вобласці”.
І работа, і абед – на полі
Не толькі ўвосень “работ восем”, хапае іх і вясною.
“На рознай тэхніцы прыходзілася працаваць за сваё жыццё, – расказвае механізатар з “Лаўжанскага” Валерый Хадзюкоў. – Раней падкормку праводзілі толькі на РДУ. Едзеш, помніцца, а тэхніка ў нізінах буксуе, колы вязнуць. Другая справа на “Расе” – колы шырокія, не страшна ніякае балота. Едзе да 27 кіламетраў у гадзіну. Міхаіл Шуміла толькі паспявае падвозіць угнаенні”. Між іншым, дзённай нормай прадугледжана падкормліваць на “Расе” 55 гектараў. Але ж Валерый Хадзюкоў за светлавы дзень перавыконвае норму і робіць да 120 гектараў. І зарабляе за дзень да двухсот тысяч рублёў.
У “Лаўжанскім” да пачатку пасяўной (на мінулым тыдні на большасці палеткаў яшчэ стаяла вада) стараюцца поўнасцю справіцца з падкормкай травы. На дапамогу “Расе” на палеткі выехалі тры РДУ. “Стараемся стварыць годныя ўмовы для работы механізатараў, – гаворыць аграном-насеннявод гаспадаркі Андрэй Бель. – На поле прывозім комплексныя гарачыя абеды. Прычым, механізатары заплацяць за іх усяго 20% ад кошту”.
Тэхніка на пасяўной
На 16 красавіка шэсць гаспадарак раёна – “Ульскі”, “Прыдзвінскі”, “Крыніца”, “Шумілінскі райаграсэрвіс”, “АграБаравінка” і “Сіроцінскі”, – пачалі сеяць яравыя зерневыя. Хутка да іх далучацца ўсе астатнія гаспадаркі раёна. Колькі ж тэхнікі будзе задзейнічана на пасяўной? Па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу Станіслава Браніслававіча Завадскага, для забеспячэння пасяўной раён мае 48 культыватараў, 25 энерганасычаных “Беларусаў”, 9 “Кіраўцаў”, 38 камбінаваных пасяўных агрэгатаў, 48 раскідвальнікаў цвёрдых мінеральных угнаенняў, 31 раскідвальнік арганічных угнаенняў, 11 дыскавых барон.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №31 ад 17.04.2012 г.