11 апреля в Шумилинской районной библиотеке прошла встреча школьников с бывшими узниками концлагерей

Общество

Забыць немагчыма
Дзеці і вайна… Немагчыма ўявіць сабе тыя жахі, якія давялося перажыць падчас бамбёжак і абстрэлаў тым, хто быў у Вялікую Айчынную вайну зусім маленькім, або падлеткам. Страшна думаць пра тое, што давялося перажыць малалетнім вязням, як трапятала іх маленькае сэрца ў фашысцкім загоне, якія здзекі і боль яны вытрывалі…
Сустрэча, што прайшла ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі 11 красавіка (а менавіта гэты дзень стаў днём памяці аб пакутах вязняў фашысцкіх засценкаў ва ўсім свеце), дала магчымасць сучасным дзецям адчуць перажытае іх равеснікамі ў далёкія гады.
Менавіта да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў падрыхтавалі мерапрыемства супрацоўнікі раённай бібліятэкі (кіраўнік літаратурнай гасцёўні Т. В. Іваноўская і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Л. М. Грыгор’ева) і запрасілі на сустрэчу пакаленняў малалетніх вязняў фашысцкіх засценкаў і шумілінскіх школьнікаў.
Расказаць праўду пра фашызм дзевяцікласнікам СШ № 1 прыйшло шэсць былых вязняў фашысцкіх лагераў. Іх успаміны узрушылі. Немагчыма было слухаць гэтыя споведзі без слёз. Разам з матуляй была за кратамі лагера Морт Вітэ ў Гамбургу А. В. Пальвінская. У 17 год трапіла ў лагер у Польшчу З.П. Патарокіна. Дванаццацігадовай дзяўчынкай цудам выратавалася з лагера ў Барысаве Д. М. Нікіфарава. Малалетнімі апынуліся за калючым дротам у Нямеччыне Г. Ф. Лях і  А. А. Цынгель. Пад прымусам давялося батрачыць на нямецкіх паноў К. С. Баталка. Ім пашчасціла застацца жывымі і вярнуцца дамоў. Усе наступныя гады свайго жыцця яны радаваліся мірнаму небу і вучыліся, працавалі, расцілі дзяцей з верай у лепшае. Сёння яны цвёрда ведаюць, што самае галоўнае ў жыцці людзей, – мір.
“Цаніце і беражыце мірнае жыццё. Не прывядзі Божа вам перажыць таго, што перажыло наша пакаленне…”, – словы якімі кожны з іх заканчваў сваю споведзь перад маладым пакаленнем.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №31 ад 17.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *