Криминал. Происшествия

Происшествия

Лодка
У жыхара райцэнтра з ягонай кватэры прапала гумавая лодка коштам 425 тысяч рублёў і зараднае ўстройства да мабільнага тэлефона. За дапамогай мужчына звярнуўся ў міліцыю. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС знайшлі злодзея – ім аказаўся жыхар Мішневіч, які мае непагашаную судзімасць. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Акумулятары
Вадзіцель аднаго з прадпрыемстваў Шуміліна вярнуўся з чарговага рэйсу глыбокай ноччу. Свой МАЗ пакінуў ля дома. Усяго за некалькі гадзін з машыны прапалі дзве акумулятарныя батарэі, агульны кошт якіх ацэнены ў 4,5 мільёна рублёў. Злачынца вышукваецца.
Прагульшчык
Жыхар в. Гусінцы асуджаны судом Шумілінскага раёна да 2,2 года пазбаўлення волі. Прычым частку тэрміну пакарання замянілі на выпраўленчыя работы, 20% заробку штомесячна вылічвалася ў даход дзяржавы. Але некалькі апошніх тыдняў мужчына зусім перастаў хадзіць на работу, гэтым самым парушыў рэжым выпраўленчых работ. Супраць вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.
Абавязаны
Работнік КУСГП “Сіроцінскі” як абавязаная асоба павінен быў выплачваць сродкі на ўтрыманне сваёй дачкі, якая знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні. Але мужчына ленаваўся працаваць, на яго рахунку налічылася ажно 37 прагулаў. Згодна з арт.174 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад кампенсавання сродкаў, затрачаных на ўтрыманне дзіцяці” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Пажар
У Шуміліне па вул. Мінчугова загарэўся жылы дом. Часткова пашкоджаны дах, сцены і дахавае перакрыццё. Частка маёмасці ў доме таксама згарэла. Прычыны пажару ўстанаўліваюцца.
Ліхацтва
Жыхар Шуміліна, які ехаў на асабістым аўтамабілі “Таёта” па вуліцы Юбі-лейнай, перавысіў хуткасць руху – ехаў не 50 кіламетраў у гадзіну, а 82. На ліхача складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф памерам у дзесяць базавых велічынь.
Нецвярозы
Жыхар Шуміліна сеў за руль “Амкадора” ў стане алкагольнага ап’янення і быў спынены супрацоўнікамі ДАІ на адной з вуліц райцэнтра. Інспектары склалі адміністрацыйны пратакол, парушальніку пагражае штраф памерам да 25 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Культура вадзіцеляў
Правілы дарожнага руху прадугледжваюць пэўную культуру вадзіцеляў. Калі, напрыклад, на дарогах лужыны, вадзіцель павінен ехаць асцярожна, каб не абліць бруднай вадой прахожых, гаворыць начальнік ДАІ РАУС М. У. Гаралевіч. На жаль, не ўсе вадзіцелі прытрымліваюцца гэтых правілаў і не ведаюць, што за гэта таксама пагражае адміністрацыйная адказнасць. Так, нядаўна жыхар Амбросавіч на хуткасці апырскаў вадой з лужыны пешахода. Вадзіцель заплаціў за гэта штраф памерам у 0,5 базавай велічыні.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №31 ад 17.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *