Бяромся за справу, землякі! Што выявіў рэйд па добраўпарадкаванні
У Шумілінскім раёне месячнік па навядзенні парадку ў самым разгары. Многія ўключыліся ў справу і навялі парадак на сваіх тэрыторыях. Аднак не ўсе. Як паказаў рэйд, у які рэдакцыя адправілася разам з начальнікам райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзем Кісялевічам, некаторыя ніяк не могуць выйсці з зімовай спячкі і за добраўпарадкаванне практычна не браліся.
Па Шуміліне ў цэлым уражанні станоўчыя. Хаця прыкласці рукі яшчэ ёсць вельмі шмат дзе. Засмучае сітуацыя на раёне. Больш за ўсё пытанняў да сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Так, ферма Латкова СУП «Лаўжанскае» не бачыла ў гэтым сезоне гаспадарчай рукі – навокал раскіданыя шыны, адходы ад чысткі клетак, рознае смецце. Крыху далей не вытрымлівае ніякай крытыкі поўнасцю засмечаная гаспадарчая пабудова гэтага ж сельгаспрадпрыемства (былы склад пестыцыдаў) і тэрыторыя побач. Бачна, што «пастараліся» як самі работнікі, так і мясцовае насельніцтва. Плаціць жа штраф давядзецца сельгаспрадпрыемству.
Працягваем знаёміць з адрасамі непрыгажосці. Так, чакае ўборкі поле ААТ «АграБаравінка» за малочнатаварнай фермай у аграгарадку Башні, вуліца Афанасьева ў аграгарадку Слабада. Хапае свежых звалак у аграгарадку Мікіціха, Крывое Сяло, у вёсках Лоўжа, Мікалаева. Непрывабны выгляд мае тэрыторыя былога бульбасартавальнага пункта КУСГП «Сіроцінскі», тэрыторыя былога зернесушыльнага комплексу ў Лявонаве КУСГП «Ульскі». Раённага эколага засмуціла, што сапсаваўся «Прыазёрны мір», да якога раней мала было прэтэнзій. Майстэрня ў Амбросавічах просіць вялікай уборкі.
Калі галоўныя трасы практычна пачышчаны, то вось з мясцовымі дарогамі, аўтобуснымі прыпынкамі пакуль не зусім парадак.
І такіх адрасоў шмат. Зразумела, што ў адзін момант усяго не зробіш, ды і месячнік яшчэ працягваецца. Наперадзе чакаецца рэспубліканскі суботнік, падчас якога можна арганізаваць належным чынам работы і добра прыбрацца.
«Пасля суботніка будзе праведзены паўторны аб’езд і прыняты самыя жорсткія меры, – зазначыў Генадзь Кісялевіч. – Да зямлі трэба адносіцца беражліва, па-гаспадарску. Нам, нашым дзецям і ўнукам тут жыць».
Так што далучаемся, землякі, да чыстага месячніка. Папрацуем дзеля агульнай прыгажосці, утульнасці і чысціні. І давайце дамовімся больш не смеціць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Якія штрафы прадугледжаны за несанкцыянаваныя звалкі?
На фізічную асобу – да 30 БВ,
на ІП – да 100 БВ,
на юрыдычную асобу – да 1000 БВ.Акрамя гэтага, налічваецца ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю адходамі. У прыватнасці, на землях агульнага карыстання – 0,5 БВ, на ворных – 0,77 БВ, на лясных – 0,7 БВ за 1 кв м.