Создание социально-педагогического центра обусловлено самой жизнью

Актуалии Образование

Директор Шумилинского районного социально-педагогического центра С. В. Бельчикова

Стварэнне цэнтра было запатрабавана жыццём
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Шумілінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” працуе ўсяго некалькі месяцаў. Аб задачах, якія стаяць перад цэнтрам, і іншых пытаннях размаўляем з дырэктарам установы Святланай Бельчыкавай.
— Святлана Валянцінаўна, чым была выклікана неабходнасць стварэння такога цэнтра ў нашым раёне?
Сацыяльна-педагагічныя цэнтры дзейнічаюць ў Беларусі з 1999 года. Яны працавалі з асобнымі сем’ямі, з дзецьмі, з так званай групы рызыкі.
З 1 верасня ўступіў у дзеянне Кодэкс аб адукацыі. Новы закон прадугледжваў стварэнне сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў кожным раёне. У адпаведнасці з новым законам ў лістападзе мінулага года Шумілінскі райвыканкам прыняў рашэнне аб стварэнні раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
— Як змянілася работа сацыяльна-псіхалагічнай службы сістэмы адукацыі са стварэннем цэнтра?
У структуры цэнтра два падраздзялення: дзіцячы сацыяльны прытулак і сектар прафілактычнай работы і сацыяльнага патранату. Адсюль выцякаюць і задачы нашай установы. Па-першае, работа з нядбайнымі сем’ямі, з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, з дзецьмі, якія патрабуюць дзяржаўнай абароны. Асаблівая ўвага сем’ям з дзецьмі да трох гадоў, бо раней гэтая катэгорыя выпадала з сістэмнай работы адукацыйных устаноў.
Па-другое, на цэнтр ускладзена задача па каардынацыі работы сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў школ і дзіцячых садоў раёна. Раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр – метадычны цэнтр, які збірае лепшы вопыт работы педагогаў раёна, абагульняе і распаўсюджвае яго. У цэнтры праводзяцца семінары для сацыяльных педагогаў і псіхолагаў устаноў адукацыі, прадстаўнікоў адміністрацый школ і садоў, мы вучым правільна афармляць дакументы, працаваць з бацькамі, дзецьмі, сем’ямі.
Магу меркаваць, на прыкладзе іншых раёнаў рэспублікі, што функцыі цэнтра будуць пашырацца за кошт работы з апякунскімі і прыёмнымі сем’ямі, іншых напрамкаў сацыяльна-педагагічнай дзейнасці.
— Што такое сацыяльны патранат?
— Галоўнай задачай сацыяльна-педагагічнай работы з’яўляецца вяртанне дзіцяці ў біялагічную сям’ю, да родных бацькоў. Сацыяльны патранат – гэта сістэма суправаджэння такой сям’і. Мы на працягу двух год будзем адсочваць становішча ў сем’ях, дзе бацькі раней былі пазбаўлены сваіх правоў і куды па рашэнні суда былі вернуты дзеці. Да года будзем кантраляваць сітуацыю ў сем’ях, куды дзяцей вярнулі з прытулку па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Акрамя кантролю за становішчам у сям’і, патранат уключае педагагічную і псіхалагічную дапамогу бацькам і дзецям, сем’ям у цэлым.
— Як вырашылася кадравае пытанне ў новай структуры?
— У цэнтры працуюць вопытныя спецыялісты, педагогі, выхавальнікі. У прытулку засталіся свае работнікі, у сектары прафілактычнай работы працуюць педагогі са стажам, з вопытам практычнай работы. Гэта педагог-псіхолаг Юлія Уладзіміраўна Уласевіч і сацыяльны педагог Марыя Калінаўна Сцепаненка. Яны энтузіясты сваёй справы.
— Ці могуць звяртацца да вас бацькі ці дзеці, школьныя настаўнікі ў прыватным парадку?
— Безумоўна. Спецыялісты цэнтра заўжды гатовыя дапамагчы кожнаму, хто да нас звяртаецца. Дзейнічае “тэлефон даверу”: па аўторках з 17.00 да 20.00 па нумары 4-57-48 спецыялісты цэнтра гатовыя выслухаць і адказаць на пытанні дзяцей, бацькоў, апекуноў, педагогаў па вырашэнні складаных жыццёвых сітуацый, па пошуку ўзаемаразумення ў сям’і і любых іншых пытаннях у межах сваёй кампетэнцыі.
Можна патэлефанаваць па гэтым нумары ці прыйсці ў цэнтр ў любы рабочы дзень з 8.00 да 17.00. Цэнтр размяшчаецца ў будынку аддзела адукацыі па адрасе: г. п. Шуміліна, вуліца Ленінская, 22, 2-гі паверх.
Размаўляў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №30 ад 13.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *