Радуе вясковая цішыня
З 2015 года механізатарам ў КУСГП «Ульскі» пасля заканчэння ліцэя працуе Сяргей Шавяка. «Люблю вёску. Даспадобы яе цішыня і спакой, – расказвае хлопец. – Не прымаю гарадской мітусяніны. З дзяцінства ведаў, што маё месца і прызванне тут, у аграгарадку Кардон».
Зараз Сяргей Шавяка шчыруе на падвозе кармоў для жывёлы: ад сянажнай ямы ў Грудзінаве вязе сілас у Кардон. І так кожны дзень. Хлопец разумее, што і ад яго залежаць надоі ў гаспадарцы. З тэхнікай Сяргей на «ты», добра разумее, што і калі трэба падрамантаваць, каб яго трактар надзейна працаваў. Старанні маладога механізатара заўважыла і кіраўніцтва гаспадаркі, якое даверыла другі трактар. «Кармы развязу, і рамантую яго, – расказвае Сяргей. – Да пасяўной наўрад ці паспею, так што прыйдзецца чакаць уборачную».
Нядаўна Сяргей ажаніўся, у сям’і падрастае сын Кірыл. Гаспадарка выдзеліла маладой сям’і дом. І гэта было для Сяргея і Ілоны Шавякаў сапраўдным шчасцем. Хлопец прызнаецца, што ўласны дом – гэта дадатковыя клопаты і турботы, але ж яны прыемныя. «Цяпер можна і пра ўласную гаспадарку задумацца. Пару месяцаў назад набылі казу – будзе Кірылу свежае і карыснае малако. Марым і пра парасё, ды і куры лішнімі не будуць», – разважае Сяргей