Язвіна: пад вясёлую барыню
Пад вясёлую барыню двое вядучых запрасілі народ да месца правядзення свята. А месца было сапраўды шыкоўнае. Яно ўсё патанала ў кветках. Гэта добраўпарадкаваная сядзіба сям’і Жандаравых. Такіх прыгожых двароў у вёсцы нямала, прыгожа на падворках В. С. Пахоменка, В. А. Туркова, У. І. Мельніка, А. І. Мельніка. Так і хочацца сказаць дзякуй за чысціню і парадак.
Праграма была пабудавана на саперніцтве вуліцы Прыазёрнай з часткай вуліцы Іспянкова. Змагаліся за званне лепшай вуліцы вясковай аколіцы. На свята былі запрошаны старэйшыя паважаныя людзі, Таісія Ус-цінаўна Губрэслава (85 год) адкрывала свята, Ларыса Пятроўна Калеснікава (78 год) спявала. Спаборнічалі ў песенным конкурсе і пяцігадовая Насця Жандарава, і 18-гадовая Юлія Мельнік.
Адзначылі на свяце сям’ю Кажанеўскіх. Гэтыя людзі не засталіся раўнадушнымі да лёсаў чужых кінутых дзяцей і прынялі ў сваю сям’ю Машу і Валеру.
Асобную старонку прысвяцілі дзецям, якія працуюць у розных кутках нашай краіны, але заўсёды прыязджаюць да бацькоў, дапамагаюць ім. Пад гукі марша Мендэльсона на ручнікі былі запрошаны юбілейныя сямейныя пары. Самы вялікі стаж – 45 год сумеснага жыцця – у сям’і Івана Піліпавіча і Рымы Рыгораўны Мельнік. Іх сям’я сумесна з нявесткамі, унукамі і праўнукамі складае 14 чалавек.
65-годдзю Перамогі прысвяцілі песню “З днём нараджэння, салдат”. А хвіліну маўчання – памяці героя-падводніка, земляка Анатоля Іспянкова.
На свяце была прадстаўлена выстава кулінарных вырабаў. Стол ламіўся ад пірагоў, пірожных, кексаў В. С. Пахоменка, І. Р. Кажанеўскай, А. В. Турковай, З. Ф. Паўхлебавай, З. Я. Жандаравай. У арыгінальнасці афармлення букетаў не было роўных Але Васільеўне Турковай.
Паважанымі гасцямі свята сталі прадстаўнікі Светласельскага сельскага Савета на чале са старшынёй В. В. Шчарбаковым, а таксама ідэолаг мясцовай гаспадаркі (якая выступіла спонсарам свята) П. З. Шалюта.
Вялікі дзякуй хочацца выказаць жаночай вакальнай групе “Сюрпрыз” Язвінскага СДК, усім арганізатарам і ўдзельнікам свята вясковай аколіцы.
В. Пашкевіч, дырэктар Язвінскага СДК.
Казьяны: радасць аддаленай вёскі
«Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Хочам падзяліцца радасцю, якую атрымалі ў час правядзення свята нашай вёскі Казьяны і выказаць удзячнасць дырэктару Суравенскага Дома культуры Валянціне Іванаўне Рудзяковай. Для кожнага з нас яна знайшла цёплыя словы. А таксама хочам аддзячыць самадзейных артыстаў з Язвінскага і Слабадскога СДК. Жывём мы ў аддаленай вёсцы, людзі далёка ўжо не маладыя, таму вельмі прыемна было пачуць у свой адрас цёплае слова і добрую песню.
Ад імя вяскоўцаў Т. Сушанава, А. Пракоф’ева, А. Бібічава.»
Опубликовано в №63 от 17.08.2010